На акцыю пратэсту ў Башкірыі сабралося некалькі тысяч чалавек
Акцыя пратэсту ў Башкірыі
Тысячы людзей выйшлі на акцыю пратэсту ў Башкірыі супраць суда над актывістам Фаілем Алсынавым, піша "Новая газета. Европа".
На акцыю ў Баймаку сабралося каля пяці тысяч чалавек — гэта адна з найбуйнешых грамадска-палітычных акцый у Расіі за апошнія два гады. Алсынава вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай варожасці, прысуд яму мусілі агучыць 15 студзеня.
У 2023 годзе Алсынаў актыўна выступаў супраць здабычы золата ў Башкірыі і супраць працы мігрантаў у шахтах. Следства сцвярджае, што ў красавіку 2023 года ён на сходзе жыхароў адной з вёсак "выступіў з прамовай на башкірскай мове, якая змяшчае выказванні, у якіх негатыўна ацэньваюцца групы асоб — жыхары Каўказа, Сярэдняй Азіі ды армяне".
Сам Алсынаў сваю віну адмаўляе. Па яго словах, яго прамову на башкірскай няправільна патлумачылі. Дзяржабвінавачанне патрабуе асудзіць яго на чатыры гады калоніі-пасялення.
Удзельнікі акцыі пратэсту патрабуюць вызваліць Алсынава і адправіць у адстаўку кіраўніка Башкірыі Радзія Хабірава, які папрасіў пачаць справу на актывіста.
У выніку суд перанёс абвяшчэнне прысуду Алсынаву на 17 студзеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.