На аўкцыён выставілі "мошчы Еўфрасінні Полацкай" — хутчэй за ўсё, фальшыўка

Лот з "машчамі Еўфрасінні Полацкай" / ebay.com
Лот з "машчамі Еўфрасінні Полацкай" / ebay.com

На аўкцыёне Ebay з'явіўся незвычайны лот, звязаны з Беларуссю. Прадавец запэўнівае, што гэта парэшткі святой Еўфрасінні Полацкай.

Па яго словах, мошчы святой сапраўдныя, рэлікварыі апячатаныя архіерэйскімі пячаткамі, усе пломбы цэлыя.

Пакупніку прапаноўваюць срэбраны куфар даўжынёй 20 сантыметрам, шырынёй 15 і вышынёй 15 см. У ім — парэшткі "святой Еўфрасінні Полацкай". Прадавец гатовы прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць сапраўднасць мошчаў.

У апісанні паведамляецца, быццам раней лот быў ва ўласнасці сям'і Слоскансаў, а адправяць яго пакупніку з самога Ватыкана.

Лот выклікаў ажыўленае абмеркаванне ў беларускіх сацсетках. Пры гэтым звяртаюць увагу, што ў лацінамоўным дакуменце сярэдзіны ХХ стагоддзя шмат памылак. Таксама адзначаюць, што ў дакументах згадваецца Праксэда Полацкая, а не Еўфрасіння. Праксэда — легендарная полацкая князёўна ХІІІ стагоддзя, якая, верагодна, ніколі не існавала. У яе жыццяпісе змяшалі біграфіі некалькіх жанчын, у тым ліку Еўфрасінні Полацкай.

Каталіцкі святар Баляслаў Слосканс насамрэч існаваў і быў у 1920-х апостальскім адміністратарам Мінскім і Магілеўскім. У 1926-м яго саслалі ў канцлагер на Салаўкі, потым у Сібір. Вызвалілі Слосканса толькі ў 1933 годзе па абмене палітвязнямі паміж Латвіяй і СССР. Пасля Другой сусветнай вайны ён апекаваўся беларусамі замежжа і быў прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Заходняй Еўропе. 

На аўкцыён выставілі "мошчы Еўфрасінні Полацкай" — хутчэй за ўсё, фальшыўка

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі