На аўкцыёне ў Лондане прадалі два ўнікальныя партрэты Рэмбранта
Іх вышыня не перавышае 20 сантыметраў / christies.com
На аўкцыёне Christie’s у Лондане за 14 мільёнаў долараў прадалі два ўнікальныя партрэты Рэмбранта. Два стагоддзі яны знаходзіліся ў прыватных руках і мастацтвазнаўцы нічога не ведалі пра іх лёс. Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", невялікія авальныя партрэты (іх вышыня не перавышае 20 сантыметраў), на якіх намаляваны заможны галандскі водаправодчык з жонкай, датаваныя прыкладна 1635 годам. Яны былі выстаўленыя на таргі ў час распродажы калекцыі старых майстроў. Па іроніі лёсу апошні раз гэтыя партрэты з'яўляліся ў тым жа аўкцыённым доме Christie's у 1824 годзе, дзе іх і набыў продак цяперашніх уладальнікаў. З тых часоў яны не пакідалі прыватнай калекцыі. Перад продажам была праведзена экспертыза аўтэнтычнасці партрэтаў, у якой бралі ўдзел эксперты з Дзяржаўнага мастацкага музея ў Амстэрдаме.
Сям'я Рэмбранта добра ведала вядомага ў Лейдэне заможнага водаправодчыка Яна Вілемса ван дэр Плюйма і яго жонку Яапген Карэлс, і нават параднілася з імі. Партрэты віселі ў доме водаправодчыка да 1760 года, калі іх упершыню прадалі на аўкцыёне ў Амстэрдаме. Пасля гэтага яны вандравалі з адной прыватнай калекцыі ў іншую, пабывалі ў Варшаве, Парыжы, пасля чаго трапілі ў Лондан.
У Christie's адмовіліся паведаміць, хто менавіта набыў партрэты, і нават не сталі ўдакладняць, ці была гэта прыватная асоба, ці музей. У аўкцыённым доме заявілі толькі, што гандаль вёўся па тэлефоне, і пакупнік сам зробіць аб'яву аб куплі, калі таго пажадае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.