На “Беларуськаліі” раскрылі крымінальную справу на 2 мільярды рублёў

На “Беларуськаліі” раскрылі крымінальную справу на 2 мільярды рублёў

Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу ў дачыненні ўдзельнікаў злачыннай групы, якая займалася раскраданнем грашовых сродкаў у кампаніі “Беларуськалій”. Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі матэрыялы праверкі, якую зладзілі супрацоўнікі АБЭЗ Салігорскага РАУС.

Як паказала папярэдняе расследаванне, двое службовых асобаў аднаго з рудаўпраўленняў выкарысталі свае службовыя паўнамоцтвы і ўвайшлі ў змову з дырэктарам падраднай арганізацыі, які выйграў тэндэры на электрамантажныя працы на розных аб’ектаў рудаўпраўлення.

Фігуранты справы наўмысна падпісвалі ўліковыя дакументы, акты аб прыёмцы выкананых працаў, якія фактычна не выконваліся. У выніку ў перыяд з 2012 па 2014 год на рахунак падрадчыка пералічылі болей за 2 мільярды рублёў. Пазней гэтыя грошы размяркоўваліся паміж усёй злачыннай “тройкай”.

Падчас следства фігуранты справы цалкам кампенсавалі прадпрыемству фінансавыя страты. Апроч таго, накладзены арышт на іх маёмасць на суму болей як мільярд рублёў.  Двое саўдзельнікаў узятыя пад варту, трэці пакуль у статусе падазраванага. Іх дзеянні кваліфікавалі як “раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае групай асобаў у асабліва буйным памеры”, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі