На беларускім беразе Буга памежнікі затрымалі польскага гідролага
Увечары 11 кастрычніка на беларускім беразе Буга памежны нарад на катэры затрымаў грамадзяніна Польшчы, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Выявілася, што мужчына — гідролаг з Інстытута метэаралогіі і сельскай гаспадаркі, які размяшчаецца ў Варшаве. На мяжу ён выправіўся ў камандзіроўку: навуковец вымяраў хуткасць плыні, глыбіню і шырыню ракі. Менавіта дзеля гэтых замераў паляк і пераправіўся на беларускі бераг у надзіманай лодцы.
Памежны нарад заўважыў яго, калі спецыяліст замацоўваў вымяральны трос. Калі памежнікі спыталі ў мужчыны дакументы, іх пры сабе паляк не меў. Таму яго затрымалі для далейшага разгляду.
На мужчыну склалі адміністрацыйныя пратаколы за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і парушэнне правілаў знаходжання. Яму давядзецца заплаціць штраф.