На “дэфіцытныя” спецыяльнасці абітурыентаў будуць "адсейваць" чыноўнікі

Міністэрства адукацыі Беларусі падрыхтавала змены і дапаўненні ў правілы прыёму абітурыентаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Гэта было зроблена нягледзячы на тое, што раней дэкларавалася нязменнасць правілаў прыёму на працягу пяці гадоў. Плануецца, што на "дэфіцытныя" спецыяльнасці паступіць можна будзе толькі з даведкай выканкаму.
Еўрарадыё пацікавілася меркаваннем пра запланаваныя змены ва Уладзіміра Здановіча, старшыні камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў. Ён лічыць, што “змены наспелі, яны выкліканы самім жыццём”.

Напрыклад, пашыраецца пералік людзей, якія маюць права на навучанне за бюджэтныя сродкі ў завочнай форме. Раней на завочную бясплатную адукацыю маглі прэтэндаваць толькі тыя, хто працуе па спецыяльнасці.

Таксама плануецца адмяніць права ВНУ прызначаць свае ўласныя іспыты па тых прадметах, па якіх праводзіцца цэнтралізаванае тэставанне.

Пераносіць дакументы з адной спецыяльнасці на другую ў рамках аднаго ВНУ змогуць не толькі “бюджэтнікі”, але і “платнікі”.

Не ўсім спадабаецца выключэнне тэрміну “пазаконкурснае залічэнне”. Такім “ільготнікам” аддадуць перавагу толькі пры роўнай колькасці балаў. Уладзімір Здановіч так каментуе гэтае рашэнне:

“Дэпутаты нашай камісіі ўжо раней выказвалі такую пазіцыю, што прыём на навучанне ў ВНУ павінен ісці найперш па ведах, па таленце чалавека, а ўжо потым улічваць трэба нейкія перавагі, заязаныя з месцам жыхарства ці нечым іншым”.

Не меншыя спрэчкі выкліча і прапанова абмежаваць пералік асобаў на так званыя “дэфіцытныя спецыяльнасці” (напрыклад, “Міжнародныя адносіны”, “Міжнароднае права”). Раней паступаць на іх мог любы грамадзянін.

Цяпер давядзецца прайсці “адсеў” у мясцовых органах улады, якія мусяць даць даведку, што яны рэкамендуюць абітурыента.

Таксама плануецца ўвядзенне платы за падачу і афармленне дакументаў на тэставанне.

Вось што кажа Уладзімір Здановіч пра тэрміны прыняцця гэтых зменаў:

“Праект рыхтаваўся і рыхтуецца па-за межамі нашай камісіі. Таму цяжка сказаць, наколькі хутка яны будуць прынятыя. Калі кіраўніцтвам краіны будуць ухваленыя змены ва ўказ № 80, то, магчыма, ужо на летнія іспыты будуць распаўсюджвацца новыя нормы”.

Фота - Photo.ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі