На "Дружбу" без сабачак, але з кансервамі і добрым настроем

1-2 жніўня ў Шаблях прагрыміць новы фестываль "Дружба". Арганізатары сцвярджаюць, што фэст ствараецца па еўрапейскіх узорах, таму заўсёднікі івэнтаў у Шаблях мусяць змірыцца з новымі і крыху нечаканымі правіламі, якія ўжо выклікалі дыскусію ў сацыяльных сетках.

Першае — гэта забарона браць з сабой на фэст хатніх жывёлаў.

"Мы робім фестываль для людзей, — тлумачыць такое рашэнне арганізатар Аляксандр Шугаеў. — Мы хочам, каб людзі прыехалі, камфортна і весела прабавілі час, і іх нічога не напружвала. Жывёлы ж могуць прыносіць пэўныя нязручнасці для некаторых наведнікаў! Гэта для нас істотна".

Другое, што хвалюе наведвальнікаў "Дружбы", — магчымасць браць з сабой у намётавае мястэчка ежу і напоі. Арганізатары падкрэсліваюць, што фэст мусіць стаць камфортным адпачынкам для публікі. І замест таго каб пераймацца і гатаваць ежу самастойна, людзі могуць проста набыць яе. Прычым танна і на любы густ.

"Ёсць якасны фуд-корт, кухня, у якой прадстаўленая ежа ў шырокім асартыменце і па дасяжных цэнах, — працягвае Аляксандр. — Мы паставілі мэту перад нашымі ўдзельнікамі кухоннай зоны зрабіць дэмакратычныя цэны. Напрыклад, сэндвіч, гамбургер будзе каштаваць у раёне 20-25 тысяч. 25-30 тысяч будзе каштаваць добрая пайка азіяцкай ежы з вегетарыянскім ці мясным напаўняльнікам. Сэндвічаў па 40 тысяч не будзе. Мы ўсё разумеем!"

“Праўда, кілаграм парніковых агуркоў на ўваходзе на фэст ці бляшанку тушонкі ў вас наўрад ці хто адбярэ”, — смяецца Аляксандр, намякаючы ўсё ж на ўмоўнасць некаторых правілаў.

Што да напояў, то на фэсце будзе прадавацца халоднае піва. А вось браць з сабой мангалы з надзеяй на шашлыкі арганізатары не раяць, маўляў, пры +32 гэта забаронена правіламі бяспекі.

Паводле папярэдняга продажу квіткоў, арганізатары "Дружбы" чакаюць каля 5 тысяч гледачоў. Публіка, якая будзе дабірацца на фэст без аўто, можа арыентавацца на бясплатныя маршруткі, што будуць курсіраваць да “Шаблёў” з аўта- і чыгуначнай станцый Валожына.

Нагадаем, у межах фэсту адбудзецца выступ 22 гуртоў з Беларусі, Украіны і Расіі. Сярод іх — "Серебряная свадьба", Akute, Сяргей Бабкін, "Ногу свело!", Дэльфін. Таксама наведнікаў чакаюць фестывальныя забавы кшталту тралея, гульняў у фрысбі, валейбол, бадмінтон, epic game, арт-маркет, зона для дзяцей і г.д.

Расклад выступаў:

1 жніўня

Ніжняя сцэна

  • 15:40–16:20 — Harotnica
  • 16:30–17:10 — :B:N:
  • 17:30–18:30 — Animal Джаz
  • 19:00–20:00 — “Без билета”
  • 20:30–21:30 — “Ногу свело”
  • 22:00–23:00 — “Серебряная свадьба”

Верхняя сцэна

  • 17:00–17:40 — “Тёплые вещи”
  • 18:30–19:10 — J-J Bingz
  • 19:50–20:30 — Akute
  • 21:20–22:00 — Nizkiz

2жніўня

Ніжняя сцэна

  • 14:30–15:10 — Navi
  • 15:30–16:10 — Botanic Project
  • 16:30–17:10 — “Петля Пристрастия”
  • 17:30–18:30 — The Toobes
  • 19:00–20:00 — “Мураками”
  • 20:30–21:30 — Сяргей Бабкін
  • 22:00–23:00 — Дэльфін

Верхняя сцэна

  • 16:00–16:40 — “Нагуаль”
  • 17:00–17:40 — S°unduk
  • 18:30–19:10 — “Кассиопея”
  • 19:50–20:30 — “Морэ&Рэльсы”
  • 21:30–22:10 — Giallo

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі