Прагноз надвор'я ў Беларусі на бягучы тыдзень
Прырода на гэтым тыдні парадуе жыхароў Беларусі цёплым і сухім надвор'ем. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
Па словах сіноптыка, з Беларусі сыходзяць актыўныя атмасферныя франты, якія прынеслі на нашу тэрыторыю дажджы. Цяпер з Заходняй Еўропы на нас ідзе вобласць павышанага атмасфернага ціску. Яна прынясе сухое і ўмерана цёплае надвор'е. Рабаў кажа, што сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 3-5 градусаў вышэй за норму.
У аўторак, 6 верасня, будзе пераважна без ападкаў. Уначы месцамі, пеправажна па поўдні, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Таксама ўначы і зранку ў асобных раёнах прагназуецца туман. Тэмпература паветра ўначы будзе +7...+13 градусаў, па поўдні — да 15 цяпла. Удзень сіноптыкі прагназуюць ад 19 да 25 градусаў.
У сераду, 7 верасня, удзень чакаецца 18-24 градусы са знакам "плюс", а па паўднёвым захадзе — да 26 цяпла.
У чацвер, 8 верасня, па паўночным усходзе ўдзень могуць прайсці невялікія дажджы. Тэмпература паветра ўдзень будзе ад 18 да 24 градусаў вышэй за нуль, а па паўднёвым захадзе — да +27. Такое ж надвор'е будзе таксама ў пятніцу і на выходных.