На Гомельшчыне канфіскавалі кантрабандныя цыгарэты на 25 тысяч долараў

На Гомельшчыне канфіскавалі кантрабандныя цыгарэты на 25 тысяч долараў

У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці канфіскавалі кантрабандныя цыгарэты на 500 мільёнаў рублёў (каля 25 тысяч долараў). Нелегальны груз перапраўлялі ў Латвію чыгункай, у вагонах з пілавіннем.

Аперацыя па спыненні кантрабанды адбылася 1 чэрвеня: у ноч на сераду аператыўнікі Акцябрскага РАУС атрымалі інфармацыю, што на станцыі Ратміравічы невядомыя загружаюць скрыні ў вагоны. Міліцыя прыбыла на месца і затрымала дваіх маладых людзей, жыхароў Віцебскай вобласці. Аднаму 21 год, другому 26 гадоў.

Вагон з пілавіннем належыць Эстонскай чыгунцы. Ён павінен быў прайсці ў саставе таварнага цягніка да пункта пераходу Бегосава — кантрабанда перапраўлялася ў Латвію.

У вагоне знашлі 109 скрыняў з цыгарэтамі маркі “Прэм’ер” (амаль 55 тысяч штук). Як адзначаюць спецыялісты аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, на скрынях ёсць звесткі аб даце вырабу, а на пачках — акцызныя маркі Рэспублікі Беларусь. Праваахоўнікам яшчэ трэба высветліць, каму Гродзенская тытунёвая фабрыка рэалізавала такую буйную партыю прадукцыі. Дакументы на тавар, вядома ж, адсутнічаюць.

Падатковая інспекцыя склала адміністратыўны пратакол на аднаго з затрыманых кантрабандыстаў. Цыгарэты канфіскаваныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі