На Каляды Санта-Клаўсы рабуюць ювелірныя крамы і банкі
Узброеныя мужчыны ў касцюмах Санта-Клаўса абрабавалі ювелірныя крамы ў Албаніі і Косава.
Першае рабаванне адбылося 24 снежня ў сталіцы Албаніі Тыране, паведамляе lenta.ru. Чацвёра ўзброеных мужчын уварваліся ў ювелірную краму ў гандлёвым цэнтры і, пагражаючы прадаўцу, запоўнілі свае мяшкі ўпрыгожваннямі. Пазней паліцыя знайшла ў смецці каля гандлёвага цэнтра два аўтаматы. Мяркуецца, што іх выкінулі рабаўнікі.
Другое рабаванне адбылося 26 снежня ў населеным пункце Прызрэн у Косаве. У ім удзельнічалі тры ўзброеныя мужчыны, таксама апранутыя ў касцюмы Санта-Клаўса. У выніку гэтага інцыдэнту пацярпелі два пакупнікі.
Ці існуе нейкая сувязь паміж двума злачынствамі, не паведамляецца.
Дарэчы, 26 снежня падобны выпадак адбыўся і ў амерыканскай Фларыдзе. Там мужчына ў цёмных акулярах, каўпаку і з накладной барадой Санта-Клаўса абрабаваў банк.
Фота — risk.ru