На Кубку Беларусі па цяжкай атлетыцы зафіксаваныя тры станоўчыя допінг-пробы
На Кубку Беларусі па цяжкай атлетыцы выявілі тры станоўчыя допінг-пробы, піша "Прессбол". Турнір праходзіў у красавіку ў спарткомплексе "Стайкі".
Паводле інфармацыі журналістаў, гаворка ідзе пра Аляксандру Міранкову (1999 года нараджэння), Аліну Шчапанаву (2000) і Арцёма Данільчыка (2000). Усе яны — гадаванцы Магілёўскай вучэльні алімпійскага рэзерву. Адказнасць за падрыхтоўку гэтых спартоўцаў нясе трэнерская брыгада, куды ўваходзяць Анатоль Лабачоў, Валянцін Кароткін і Аляксандр Ганчароў.
У пробах штангістаў выяўленыя не анаболікі, а сляды стымулятара радыёлы — адаптагена расліннага паходжання, які павышае супраціў арганізма стоме.
Як паведамляла Еўрарадыё, 24 траўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўзмацняе меры па барацьбе з допінгам у спорце.