На Мінскай ЦЭЦ-4 перасталі паліць мазут
28 студзеня на Мінскай ЦЭЦ-4 перасталі выкарыстоўваць мазут у якасці паліва, паведамляе прэс-служба "Мінскэнерга". Усе катлы пераведзеныя на спальванне прыроднага газу.
"Як і паведамлялася раней, мазут з'яўляецца рэзервовым палівам для Мінскай ЦЭЦ-4, і ў студзені 2020 года ажыццяўлялася яго спальванне на некаторых катлаагрэгатах з мэтай абнаўлення і папаўнення вытворчага рэзерву з захаваннем экалагічных нарматываў, вызначаных комплексным прыродаахоўным дазволам. Працэс папаўнення вытворчага рэзерву будзе працягвацца яшчэ некаторы час", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Пры гэтым энергетыкі папярэджваюць, што ў любы час могуць вярнуцца да выкарыстання мазуту ў якасці паліва. "Працягласць яго выкарыстання будзе вызначацца вытворчай неабходнасцю", — дадаюць яны.
Як распавядала Еўрарадыё, з 8 студзеня на ЦЭЦ-4 сталі выкарыстоўваць мазут у якасці паліва. У агульным аб'ёме доля мазуту складала 55%. Пасля гэтага жыхары некалькіх раёнаў Мінска сталі скардзіцца на сажу, якая асядала на вокнах і машынах жыхароў. Мінчукі нават склалі петыцыю, у якой патрабавалі спыніць выкарыстанне мазуту ў якасці паліва на гэтай ЦЭЦ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.