На народным рэферэндуме спытаюць пра тэрміны прэзідэнцтва і ўступленне ў ЕС
Таксама Рух “За свабоду” хоча вынесці на галасаванне права на прыватную ўласнасць на зямлю і магчымасць абіраць мясцовую ўладу.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:
“Рух адабраў свае пяць пытанняў. Яны складаліся на падставе паездак па рэгіёнах, сустрэчаў з людзьмі. Мы хацелі прапанаваць гэтыя пытанні для сумеснага разгляду з нашымі калегамі. Туды ўвайшлі такія пытанні, як абмежаванне тэрмінаў кіравання прэзідэнта, шкодныя для экалогіі прадпрыемствы, а таксама курс на збліжэнне з ЕС”.
На сёння ідэю народнага рэферэндуму падтрымліваюць пяць арганізацый. Сярод іх Рух “За Свабоду”, кампанія “Гавары праўду”, Партыя БНФ. Канчатковы спіс пытанняў складуць да 24 кастрычніка.