На наступным тыдні Беларусь і Расія правядуць перамовы наконт паставак газу
На наступным тыдні Беларусь і Расія правядуць перамовы наконт паставак газу. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашку.
Па словах беларускага чыноўніка, на наступным тыдні ў яго запланаваная сустрэча з віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам у Маскве. Пастаўкі газу ён назваў асноўнай тэмай гэтых перамоваў.
Беларусь і Расія падпісалі дакумент, які рэгулюе газавае пытанне ў 2017-2019 гадах. "Тыя дамоўленасці, якія дзейнічаюць у 2017 годзе, выконваюцца. У 2018 годзе мы таксама атрымаем істотную падтрымку з боку Расіі", — заявіў віцэ-прэм'ер.
Сямашка наўваз кошты на газ вельмі адчувальным пытаннем для беларускай эканомікі. "Ёсць прыватны прыклад, але ён характарызуе многае. МАЗ плаціць $278 за тысячу кубаметраў газу, КАМАЗ — $65, такая называлася лічба. МАЗ плаціць 11,3 цэнта за кВт.гадз, КАМАЗ — 4,5 цэнта. І як у такіх умовах можна быць канкурэнтаздольным?" — патлумачыў праблему намеснік кіраўніка ўрада.
Ужо з 1 студзеня 2025 года кошты на газ для Беларусі павінныя зраўняцца з коштамі для Смаленскай вобласці. Сёння для Беларусі кошт на газ для Беларусі, па словах Сямашкі, больш чым удвая перавышаюць кошты на газ для Смаленскай вобласці.
Віцэ-прэм'ер яшчэ раз падкрэсліў, што канкрэтыка ёсць пакуль толькі да 2019 года. А наконт 2020-2024 гадоў вядуцца перамовы з расійскім бокам на ўзроўні і профільных міністэрстваў, і міністраў, і віцэ-прэм'ераў. Дакумент, па словах Сямашкі, мяркуецца падпісаць да канца года.
Адзіны рынак газу ў ЕАЭС павінен быць створаны да 2025 года.