На развітанне з лідарам ДНР Захарчанкам прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек
У Данецку сёння хаваюць лідара непрызнанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандра Захарчанку. Як паведамляюць расійскія СМІ, на цырымонію развітання, арганізаваную ў мясцовым оперным тэатры, прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Украінскія СМІ пры гэтым сцвярджаюць, што гэта пераважна работнікі бюджэтнай сферы, якія туды сагналі.
На развітанне з лідарам сепаратыстаў прыехала і дэпутатка Дзярждумы Расіі Наталля Паклонская, былы пракурор Крыма. Яна заявіла, што Захарчанка загінуў, як герой і пажадала яго забойцам “гарэць у пекле”, паведамляе ntv.ru
Аляксандр Захарчанка загінуў 31 жніўня пасля выбуху ў данецкай кавярні “Сепар”, куды ён прыехаў на памінкі па расійскім спеваку Іосіфе Кабзоне. Раней паведамлялася, што бомба, якая яго забіла, была закладзеная ля ўваходу ў кавярню і запушчаная званком праз сотавы тэлефон. Захарчанка атрымаў траўму галавы і сканаў у лякарні, куды яго прывезлі.
Улады ДНР абвінавачваюць у забойстве ўкраінскі бок. Тым часам расійскае выданне “Коммерсант” пісала, што кавярня “Сепар” належала кіраўнікі службы бяспекі Захарчанкі , таму закласці выбухоўку без удзелу “сваіх” было практычна немагчыма.