На Саміце ААН шукаюць вінаватых у маруднай рэалізацыі Мэтаў тысячагоддзя
На думку беларускай дэлегацыі, дзве галоўныя прычыны недастатковага прагрэсу — сусветны эканамічны крызіс і "негатоўнасць вядучых дзяржаў да супрацоўніцтва з ін
У 2000 годзе краіны свету дамовіліся да 2015 года дасягнуць васьмі
міжнародных мэтаў развіцця. Гэта ліквідацыя беднасці і голаду,
забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі, скарачэнне дзіцячай
смяротнасці, барацьба з ВІЧ/СНІДам і іншымі хваробамі, паляпшэнне аховы
мацярынскага здароўя, экалагічная стабільнасць, раўнапраўе палоў ды
сусветныя партнёрствы.
На Саміце ААН 20-22 верасня ў Нью-Ёрку
сабраліся сусветныя лідары, якія ацэньваюць прагрэс і выяўляюць прычыны
дастаткова сціплых дасягненняў па мэтах.
Шэраг аўтарытарных папулісцкіх рэжымаў наўпрост вінавацяць капіталістычную сістэму.
Вось што ў сваім выступе сказаў прадстаўнік Венесуэлы Хорхэ Валеро (Jorge Valero): "Сусветны эканамічны і фінансавы крызіс капіталізму стварыў больш бядоты, больш няроўнасці, больш несправядлівасці".
Прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад таксама вінаваціць не карупцыю ў органах дзяржаўнага кіравання, а капіталістычную сістэму:
"Недэмакратычныя
і несправядлівыя структуры кіравання міжнародных эканамічных і
палітычных органаў — прычыны, за якой крыецца большасць праблем, з якімі
сутыкаецца чалавецтва. Патрабавальны ліберальны капіталізм і
транснацыянальныя карпарацыі прычынілі пакуты незлічонай колькасці
жанчын, мужчын і дзяцей у столькіх краінах!"
Міністр замежных спраў Расіі крытыкай капіталізму не займаўся.
Сяргей Лаўроў: "Безумоўна, галоўная адказнасць за рэалізацыю Мэтаў развіцця тысячагоддзя ляжыць на нацыянальных урадах".
Міністр
замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў адзначыў у якасці адмоўных
фактараў эканамічны крызіс, і неэфектыўную палітыку вядучых дзяржаў
свету.
Сяргей Мартынаў: "Нельга не пагадзіцца і з тымі,
хто звязвае няўдачы з негатоўнасцю вядучых дзяржаў супрацоўнічаць з
іншымі дзяржавамі як роўныя, каб пераадолець шырокі спектр новых
глабальных выклікаў і пагрозаў".
Тым часам шэраг лідараў
высокаразвітых краін свету звярнулі ўвагу, што без добрага дзяржаўнага
кіравання і пашаны правоў чалавека эканамічны і сацыяльны прагрэс
немагчымы. І што вялікая адказнасць ляжыць на слабаразвітых краінах.
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель:
"Мы павінны прыняць адну рэч: галоўная адказнасць за развіццё ляжыць на
краінах, што развіваюцца. Ад іх саміх залежыць, ці эфектыўна
выкарыстоўваецца дапамога. І падтрымка эфектыўнаму дзяржаўнаму кіраванню
так сама важная, як і дапамога".
Прадстаўнік Нарвегіі
таксама заклікаў краіны, што развіваюцца, эфектыўней змагацца з
карупцыяй, павялічыць адкрытасць і адказнасць дзяржаўных органаў
кіравання.
Тым часам лідары некаторых аўтарытарных краін
выкарыстоўваюць пляцоўку ААН хутчэй для выступлення на ўнутраную
публіку. Напрыклад, прэзідэнт Туркменістаан Гурбангулы Бурдымухамедаў
пра прагрэс па Мэтах тысячагоддзя амаль не абмовіўся. Ён расказаў пра
энергетычныя і транспартныя праекты Туркменістана і прапановы, як
палепшыць сітуацыю ў Афганістане.