На сцэне Купалаўскага тэатра будзе выступаць ансамбль "Харошкі"

На сцэне Купалаўскага тэатра будзе выступаць ансамбль "Харошкі"

Ансамбль "Харошкі" выступіць на сцэне Купалаўскага тэатра 15 і 16 кастрычніка. Праўда, у адкрытым доступе звестак пра гэтыя канцэрты няма: мяркуецца, што гэта будзе канцэрт для ветэранаў вайны і працы.

У каментары TUT.by мастацкая кіраўніца ансамбля, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая кажа: "Гэта вельмі складаная сітуацыя, мне вельмі цяжка гэта ўсё перажыць".

Як вядома, з канца жніўня Купалаўскі тэатр пустуе: большасць трупы і ўсе рэжысёры сышлі на знак салідарнасці са звольненым дырэктарам Паўлам Латушкам. У тэатры засталіся 13 актораў ды некалькі дзясяткаў іншых супрацоўнікаў.

Пасля гэтага на сцэне тэатра сталі прапаноўваць выступіць дзяржаўным калектывам. "Харошкі" павінны былі выступіць яшчэ 1 кастрычніка, але частка артыстаў выступіла супраць.

"Ёсць супрацоўнікі, якія пратэстуюць супраць такога рашэння. У іх свая пазіцыя: яны хочуць зрабіць Беларусь краінай, у якой ёсць сваё нацыянальнае аблічча, свая ідэнтычнасць. Ёсць тыя, хто пратэстуюць супраць эканамічнай сітуацыі. Так, адзін з маіх супрацоўнікаў з радасцю выехаў з інтэрната ў арэнднае жыллё. Аказалася, што яго зарплата — 480 рублёў. А за кватэру трэба штомесяц выплаціць 500. Адно дзіця ў дзіцячым садку — трэба выплаціць 70 рублёў, другое дзіця ў першым класе — яшчэ 75 рублёў. А жыць на што?" — расказвае Валянціна Гаявая. 

13 кастрычніка ў ансамблі прайшоў сход, прысвечаны выступу ў Купалаўскім. Гаявая патлумачыла, што ў тэатры засталося 80 супрацоўнікаў. Калі там не будзе выступаў, то тэатр перастане атрымліваць дзяржаўную датацыю. Гэта адаб'ецца на заробках абслуговага персаналу. 

"Маўляў, калі пачнуцца канцэрты, гэтыя супрацоўнікі будуць атрымліваць поўныя заробкі. Магчыма, вернецца хтосьці з актораў і тэатр пачне працаваць. А да гэтага ў тэатры будуць праходзіць канцэрты. Маўляў, калі "Харошкі" не стануць працаваць, ёсць рызыка, што, фігуральна кажучы, на калектыў павесяць замок", — тлумачыць сваю пазіцыю кіраўніца "Харошак". 

Яна называе сітуацыю вельмі складанай і лічыць, што з калектывам Купалаўскага не варта было так абыходзіцца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі