На вакзале ў Полацку затрымалі мужчыну з 500 дозамі гераіну
У Полацку праваахоўнікі затрымалі мужчыну, які меў пры сабе вялікую партыю гераіну.
Інфармацыю пра наркотыкі беларускія міліцыянты атрымалі ад расійскіх калег. Па іх звестках, з Расіі ў Беларусь планавалася перавозка асабліва небяспечнага наркотыку.
Каля паўночы 10 кастрычніка на пероне чыгуначнага вакзала ў Полацку міліцыянты затрымалі мужчыну. Падчас асабістага догляду пры ім знайшлі 54,35 грамаў гераіну, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму. Гэта 500 разавых дозаў наркотыку. На "чорным рынку" такая партыя каштуе каля 2000 долараў.
Выявілася, што 49-гадовы грамадзянін прыбыў з Масквы. Гераін прызначаўся для распаўсюду на тэрыторыі Наваполацка і Полацкага рэгіёну.
Падазраванага затрымалі. Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу.