На вуліцы Кастрычніцкай у Мінску вандалы размалявалі стрыт-арт (фота)
На вуліцы Кастрычніцкай у Мінску вандалы сапсавалі стрыт-арт, зроблены падчас фэсту Vulica Brasil. Надпісы і каракулі нанесеныя ў тым ліку на працы вядомых вулічных мастакоў Os Gemeos і Finok Finok. Сцяна з сапсаваным стрыт-артам знаходзіцца з зваротнага боку вуліцы Кастрычніцкай. Пра здарэнне інфармуе tut.by са спасылкай на адну з каардынатарак Vulica Brasil Караліну Палякову.
У сваім акаўнце на Фэйсбуку Палякова паведаміла, што арганізатары гатовыя даць узнагароду за інфармацыю пра здарэнне: "Мы шукаем любую інфармацыю аб тым, хто быў на сцяне мінулай ноччу і каму было цікава сапсаваць тое, над чым мы працавалі тыднямі".