На выбарах 2014 года ЛДП робіць стаўку на спартоўцаў і бізнесменаў
Ліберал-дэмакраты плануюць правесці “самую магутную” выбарчую кампанію, але не хочуць казаць, у колькі ім такая кампанія абыйдзецца.
Па словах старшыні партыі Сяргея Гайдукевіча, ЛДП вылучыла сваіх прадстаўнікоў ва ўсе тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і ў большасць акруговых камісій, а таксама каля 8 тысяч назіральнікаў. А вось кандыдатамі ў дэпутаты цалкам будзе “закрыты” толькі Мінск.
Сяргей Гайдукевіч: “Усе 57 акруг у горадзе Мінску будуць “забітыя”. Што да раённых, то зараз я не гатовы даць дакладныя лічбы, але ўсе акругі па раёнах мы “забіць” не можам. Не можам не таму, што людзей не хапае, а з-за недахопу матэрыяльных рэсурсаў”.
Праўда, на пытанне Еўрарадыё, колькі грошай на кампанію 2014 года партыя плануе патраціць, Гайдукевіч не адказаў. Маўляў, калі б ён гэта зрабіў, то адразу мусіў бы сыходзіць на палітычную пенсію — сапраўдныя палітыкі на такія пытанні не адказваюць. Але сцвярджае, што сярод будучых удзельнікаў мясцовых выбараў будзе шмат бізнесменаў, здольных самастойна прафінансаваць сваю выбарчую кампанію. Іншым дапамогуць аднапартыйцы — скінуцца.
Па словах намесніка старшыні партыі Алега Гайдукевіча, сярод будучых кандыдатаў — чэмпіён па баях без правіл і алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы. Праўда, прозвішча не называе.
Дарэчы, некалькі месяцаў таму Алег Гайдукевіч сцвярджаў, што ЛДП плануе падрыхтаваць да вылучэння кандыдатамі на мясцовыя выбары 2014 года звыш шасці тысяч чалавек. 26 снежня такая лічба ўжо не агучвалася.