Набывае моц дэкрэт №7. Як зменяцца адносіны дзяржавы і бізнесу?
Фота: s13.ru
26 лютага 2018 года спаўняецца 3 месяцы са дня, калі быў афіцыйна апублікаваны дэкрэт №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Сёння набывае моц шэраг асноўных палажэнняў дакумента, уключна з новымі прынцыпамі стасункаў дзяржавы і прадпрымальнікаў.
З гэтага часу дзяржава абяцае выконваць прэзумпцыю добрасумленнасці прадпрымальнікаў і мінімізаваць умяшанне дзяржорганаў у прадпрымальніцкую дзейнасць. Галоўнай задачай кантралёраў робіцца прафілактыка парушэнняў, а не бясконцае выпісванне штрафаў.
"Цяпер нацэленасць на садзейнічанне прадпрымальнікам ці неўмяшальніцтва ў іх законную дзейнасць мусяць успрымацца як нармальная лінія паводзінаў дзяржаўнага служачага. А супрацьлеглыя паводзіны, наадварот, павінныя лічыцца падставай для крытыкі. Гэта значыць, ідзе карэнны паварот дыялогу бізнесу і ўлады ў бок прадпрымальніцтва. Скажам шчыра: сёння той, хто не падтрымлівае развіццё прадпрымальніцтва, – вораг дзяржавы ", – лічыць кіраўнік Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.
У той жа час, шмат залежыць ад таго, як дэкрэт "прачытаюць" чыноўнікі на месцах. Пакуль не складзецца практыка прымянення, што спрыяе развіццю прадпрымальніцтва, бізнес ставіцца да дакумента з насцярожанасцю і недаверам.
"Прадпрымальнікі – прагматыкі. Чыноўнік лічыць, што калі ўказ ці закон падрыхтаваны – усё, яго праца зробленая, – працягвае Карагін. – А прадпрымальнік кажа: калі гэты ўказ ці закон дазволіў мне стварыць новыя працоўныя месцы, вырабіць канкурэнтаздольную прадукцыю, выплаціць заробак працаўнікам – вось тады ўсё працуе".
Адно з галоўных новаўвядзенняў дэкрэта №7 – тое, што многія віды эканамічнай дзейнасці з 26 лютага можна пачынаць па паведамляльным прынцыпе. У тым ліку (поўны спіс – у дадатку 2) – аказваць турыстычныя, гасцінічныя паслугі і паслугі грамадскага харчавання, шыць вопратку і абутак, рабіць сувеніры з дрэва, рамантаваць аўтамабілі, перавозіць пасажыраў (але не ў рэгулярных зносінах). Для гэтага дастаткова будзе падаць пісьмовае паведамленне праз службу "адно акно", і на наступны дзень ужо можна пачынаць працаваць.