“Начныя ваўкі” зноў прарываюцца з Масквы на Берлін

“Начныя ваўкі” зноў прарываюцца з Масквы на Берлін

Матацыклісты з адыёзнага расійскага клуба “Начныя ваўкі” выехалі з Масквы з мотапрабегам “Дарогі Перамогі — на Берлін”. Яны рушылі ў падарожжа раніцай 29 красавіка.

Як паведамляе ТАСС, лідар клуба Аляксандр Залдастанаў, вядомы пад мянушкай Хірург, вывеў калону байкераў з брамы свайго клуба пад песню “Сцяг маёй дзяржавы”. Ён перажагнаўся і сказаў: “З богам, паехалі”.

Маршрут байкераў ляжыць праз Беларусь, Польшчу, Славакію, Аўстрыю, Чэхію і Нямеччыну. Яны плануюць наведаць могілкі савецкіх воінаў і помнікі савецкіх салдат, а ў канцы падарожжа плануюць прыняць удзел у памятных мерапрыемствах у Трэптаў-парку, ля мемарыялу Панкаў-Шэнхольц і ля Брандэнбургскай брамы.

Сам Хірург паехаць не зможа, бо ўваходзіць у санкцыйны спіс большасці краін, па якіх праходзіць маршрут, але праводзіць сваіх “ваўкоў” да мяжы з Беларуссю. Мотапрабег ён прапусціць другі год запар.

Год таму “Начныя ваўкі” вялікай калонай спрабавалі перасекчы беларуска-польскую мяжу, але польскія памежнікі завярнулі байкераў, бо ў Еўрасаюзе іх візіт палічылі непажаданым.  

Нягледзячы на такі досвед, Залдастанаў заяўляе, што яго паплечнікі “будуць працягваць тое, што пачалі” і спыняць іх бессэнсоўна. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі