Намесніка старшыні Мінскага райвыканкама падазраюць у злоўжыванні паўнамоцтвамі
Пракуратура Мінскага раёна пачала крымінальную справу на намесніка старшыні Мінскага райвыканкама. Яго падазраюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
У Генеральнай пракуратуры інфармагенцтву БелаПАН паведамілі, што інцыдэнт адбыўся яшчэ ў той час, калі чыноўнік працаваў старшынёй сельскага выканаўчага камітэта. Разам з вядучым спецыялістам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама ён незаконна перадаў сястры гэтага спецыяліста зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць. Шкода, прычыненая дзяржаве, ацэньваецца больш чым на 12 тысяч долараў ЗША.
Дарэчы, у кастрычніку 2016 года было завершанае следства па справе намесніка старшыні Мінскага райвыканкама, які курыраваў пытанні сельскай гаспадаркі і харчавання. Яго абвінавацілі ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў. Па звестках следства, з сакавіка па лістапад 2015 года чыноўнік бясплатна выкарыстоўваў тэхніку, матэрыялы і рабочых на будаўніцтве двух жылых дамоў на зямельных участках яго блізкіх сваякоў.