"Наша ніва" — пра захворванні на каранавірус у Бешанковічах
28 жыхароў Бешанковіцкага раёна захварэлі на каранавірус, а чацвёра з іх памерлі (смяротнасць складае 14,3%). Такая афіцыйная статыстыка раёна па стане на 17 красавіка, піша "Наша ніва". Па звестках выдання, у пятніцу ў раённай лякарні ляжалі 50 пацыентаў з пнеўманіямі, COVID-19 быў пацверджаны ў шасці з іх. Паведамляецца, што ў раёне ёсць чатыры апараты прымусовай вентыляцыі лёгкіх, а таксама 8 кропак падводу кіслароду. Па стане на пятніцу апараты вентыляцыі лёгкіх не выкарыстоўваліся.
Насельніцтва Бешанковіцкага раёна складае каля 15 тысяч чалавек.
Ёсць звесткі, што каранавірус зарэгістравалі ў доме састарэлых у Бешанковічах. Жыхары раёна мяркуюць, што заражэнне каранавірусам пачалося з дома адпачынку "Крупеніна". Па іх словах, у гэтым доме адпачынку размяшчалі "першыя кантакты" заражаных каранавірусам.
Інфармацыю, апублікаваную "Нашай Нівай", аспрэчыла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У лісце да Міністэрства інфармацыі яно паведаміла: "Усім жыхарам і супрацоўнікам аддзялення кругласуткавага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў 8 красавіка 2020 года зроблены тэсты на каранавірусную інфекцыю. Па стане на 17 красавіка 2020 года каранавіруснай інфекцыі не выяўлена".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.