Настаўнікам зноў паабяцалі падняць заробкі. Ці стануць яны багацейшымі

Настаўнікам зноў паабяцалі падняць заробкі / Еўрарадыё
Настаўнікам зноў паабяцалі падняць заробкі / Еўрарадыё

Пра падвышэнне заробкаў настаўнікам чыноўнікі расказваюць ужо шмат гадоў. Аднак багацейшымі педагогі пакуль не сталі.

У лютым 2018-га Лукашэнка заявіў, што заробкі настаўнікаў трэба падняць удвая.

"Трэба за будучую пяцігодку і астатні час заробак настаўнікам падвойваць. Гэта не папулізм", — сказаў ён.

Гэта значыць, да 2025 года ён павінен быў вырасці ў 2 разы. Якім сярэдні заробак настаўнікаў быў на той момант, ён не агучыў.

У пачатку мінулага года Міністэрства адукацыі казала, што "заработная плата ў педагагічных работнікаў каля 75% ад сярэдняй заработнай платы" па краіне, і абяцала, што да 2025 года яна будзе не меншая за 100%.

У 2020 годзе сярэдні заробак быў 1351 рубель. Значыць, у настаўнікаў на той момант сярэдні быў дзесьці 1013 рублёў.

Не паспелі хоць гэтыя абяцанні спраўдзіцца, як падаспелі новыя, больш аптымістычныя. На гэты раз кіраўнік Мінадукацыі Андрэй Іванец у эфіры "Беларусь 1" заявіў, што да 2025 года заробак беларускіх настаўнікаў узрасце да 106% ад сярэдняга па рэспубліцы, які ў другім квартале дасягнуў 1588,7 рубля. Цяпер жа сярэдні заробак у сферы адукацыі складае 89% ад яго (значыць, каля 1413).

Ці сапраўды такі сярэдні заробак у настаўнікаў, сказаць складана. Можам спадзявацца толькі на заявы міністра. Белстат лічыць сярэдні заробак па сферы адукацыі. І ён ніжэйшы за сярэдні настаўніцкі. Але там улічваюцца не толькі заробкі настаўнікаў, але і, напрыклад, работнікаў універсітэтаў, работнікаў, якія забяспечваюць адукацыю, тыпу метадолагаў, нянечак у дзіцячых садках, работнікаў дадатковай адукацыі і г. д. У іх заробкі вельмі нізкія. І яны ўплываюць на статыстыку па заробках у сферы адукацыі.

Як заявіў Іванец па тэлевізары, падставы для такіх аптымістычных заяў (пра рост заробкаў настаўнікаў да 2025 года да 106% ад сярэдняга па краіне) ёсць. Гэта станоўчая дынаміка па заробках педагогаў на цяперашні момант.

"З 1 студзеня 2022 года ўведзена надбаўка за класнае кіраўніцтва ў памеры адной базавай велічыні (32 рублі на цяперашні момант). Гэта досыць адчувальны дадатак да заробку, але цалкам справядлівы, таму што класны кіраўнік мае вельмі сур'ёзныя дадатковыя функцыі", — пахваліўся Андрэй Іванец.

32 рублі чыноўнік называе "адчувальным дадаткам". Гучыць гэта трохі дзіўна, нават калі апусціць дэталі, колькі галаўнога болю дадаецца пры класным кіраўніцтве. Ці дапаможа гэтая або іншыя капейкавыя выплаты дамагчыся пастаўленых задач? Толькі ў намінальным выражэнні.

Аднак людзі жывуць не за намінальна налічаныя грошы, а за рэальныя заробкі, гэта значыць з папраўкай на індэкс спажывецкіх цэн. У ліпені гэтага года ў адносінах да ліпеня мінулага года ён склаў 18,1%. З улікам інфляцыі мы бачым, што гэтыя надбаўкі дазваляюць толькі запаволіць падзенне рэальных заробкаў педагогаў. Выходзіць, што нібыта ідзём па плане, паказчык расце, а па факце настаўнік багацейшым не стаў.

Учителям снова пообещали поднять зарплаты. Станут ли они богаче

Эканаміст: "Абяцаць можна што хочаце"

Эканаміст, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі кажа, што падняць заробак настаўнікаў да ўзроўню сярэдняга па краіне і вышэй да 2025 года можна. Але, зыходзячы з цяперашняй сітуацыі, хутчэй, па палітычнай волі, а не праз рост эканамічных паказчыкаў у краіне.

— Абяцаць можна што хочаце. Пакуль што ў нас у адукацыі з добрага тое, што не моцна зніжаецца рэальны заробак адносна іншых галін. Калі параўноўваць паказчыкі цяперашняга ліпеня з ліпенем 2021 года, сярэдняе зніжэнне рэальнага заробку склала 5,9%. А ў адукацыі — усяго 0,5%, — прыводзіць лічбы эканаміст. — Калі гаварыць пра аб'ектыўныя прычыны для росту заробкаў настаўнікаў, то тут усё залежыць ад таго, як будзе расці эканоміка, што ў нас будзе з дэфіцытам дзяржаўнага бюджэту.

Цяпер, па словах Льва Львоўскага, усё не вельмі добра. "Ёсць дэфіцыт бюджэту, эканоміка падае. Пры гэтым грошы браць асабліва няма адкуль". І чаго чакаць у будучыні, ніхто не ведае.

— Ці рэальна падняць заробкі настаўнікам? Гэта пытанне дзяржаўных прыярытэтаў. Заўсёды можна знізіць расходы, скажам, на культуру і спорт або на войска і міліцыю і падвысіць расходы на адукацыю. Адукацыя ў нас амаль уся дзяржаўная. І заробкі там не залежаць ад таго, якія паслугі аказваюць школы. А толькі ад таго, што закладзена ў бюджэце, — працягвае эксперт.

Наконт таго, што чыноўнікі ўвесь час называюць большы адсотак падвышэння заробкаў педагогам да канца пяцігодкі, Леў Львоўскі кажа, што гэта "проста папулісцкія абяцанні".

— Мабыць, назіраецца моцная нястача настаўнікаў. Заробкі даволі нізкія, таму частка людзей пераходзіць з гэтай сферы ў іншыя, дзе плацяць пабольш. Конкурс на вакансію настаўніка нізкі і будзе зніжацца. І каб неяк стымуляваць людзей ісці ў гэтую прафесію, трэба падвышаць там заробкі.

Або сказаць, што падвысяць, як у гэтым выпадку. Невядома, ці змогуць гэтыя абяцанні ўтрымаць у сферы людзей, якія задумваюцца над зменай прафесіі, у дастатковай меры. Асабліва ўлічваючы, што цяпер адбываецца ў школах. Але, відаць, урад разлічвае на тое, што ўдасца.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі