Наталля Трафімава: Адкрыты ліст — гэта як апошні крык
Капітан жаночай баскетбольнай зборнай распавяла Еўрарадыё, што прымусіла дзяўчат публічна звярнуцца да спартовых чыноўнікаў. А ў Федэрацыі паабяцалі "знайсці і
Пра гэта ў размове з Еўрарадыё расказала ініцыятар ліста, капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Наталля Трафімава:
“Нас
ужо тут пачынаюць абвінавачваць у непатрыятызме. Я не ведаю, як
патлумачыць людзям, што гэта ўжо проста як апошні крык: “Паглядзіце, у
нас сапраўды з гэтым праблемы!”. Як кажуць, надзея памірае апошняй, і
мы будзем чакаць да канца”.
Нагадаем, у адкрытым лісце ў
Федэрацыю баскетбола беларускія спартсменкі заявілі, што адмовяцца
выступаць за зборную, калі не палепшыцца сітуацыя з умовамі трэніровак.
Таксама яны патрабавалі палепшыць экіпіроўку — выдаваць яе загадзя і ў
адпаведнасці з надвор'ем.
Наталля Трафімава: “Умовы, у
якіх мы трэніруемся, сапраўды, скажам так, не вельмі зручныя. Хацелася б
прыходзіць на трэніроўку і ні пра што не думаць, заняцца канкрэтна
сваёй працай. Форму нам выдалі амаль у апошні дзень перад ад’ездам, калі
ў нас проста не было часу яе падправіць... І калі мы выступаем увосень,
то навошта нам спадніцы — нам патрэбная куртка! Нам трэба дабірацца да
залы, нам таксама трэба выйсці на вуліцу, мы не сядзім увесь час у
зале”.
Як кажа капітан жаночай зборнай, чуць абвінавачванні ў
непатрыятызме крыўдна. Дый клапоцяцца спартоўкі больш не пра сябе, а
пра моладзь, якой даводзіцца трэніравацца ў дрэнных умовах:
“Хто
мяне можа папракнуць, калі я прыязджаю ў зборную з траўмай і ўсё адно
выходжу на пляцоўку і гуляю за Беларусь? Хаця я магла спакойна сабе
зрабіць аперацыю і аднавіцца да наступнага сезону. Для нас сапраўды
гонар выступіць за Беларусь, паказаць, што мы сапраўды ўмеем гуляць, што
ў нас у краіне ёсць баскетбол.
Мы ўжо ў такім узросце, што нам
засталося гуляць літаральна пару год. Але ў нас ёсць моладзь, мы хочам
сыйсці і каб пасля нас штосьці засталося. Для гэтага усё робіцца”.
Тым
часам федэрацыя абяцае пакараць вінаватых у скандале з
баскетбалісткамі. Як паведаміў Еўрарадыё першы намеснік старшыні
Беларускай федэрацыі баскетболу Валеры Гарэлікаў, да адкрытага ліста яны паставіліся з разуменнем:
"Ніякай
агрэсіі у нас няма. І ў кіраўніка, і ў членаў федэрацыі ёсць кантакт са
зборнай і выразнае разуменне праблемы… Учора кіраўнік федэрацыі зачытаў
ліст перад чальцамі выканкаму Федэрацыі баскетболу, прапанаваў
разабрацца… Мы будзем чакаць сустрэчы на ўзроўні Нацыянальнага
алімпійскага камітэту, Міністэрства спорту і турызму і Федэрацыі
баскетболу. І разбірацца — хто вінаваты".
Спадар Гарэлікаў паскардзіўся на недахоп фінансаў, назваўшы гэта адной з асноўных прычын:
“Можна
размаўляць пра што заўгодна, няма межаў для дасканаласці. І па
экіпіроўцы, арганізацыі вучэбна-трэніровачнага працэсу, фінансаванні
каманды і г.д. Але трэба адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць. У нас няма
грошай, каб вырашаць пытанні, якія павінны вырашацца з зусім іншым
фінансаваннем.
Трэба разумець, што ў краіне ёсць напэўна праблемы
і больш сур’ёзныя — з аднаго боку, а з другога боку — тая праца, якая
праводзіцца, павінна праводзіцца не за месяц да пачатку чэмпіяната свету
і не праз месяц пасля чэмпіянату свету. А круглы год усімі
зацікаўленымі бакамі”.