Наведвальнікі “Басовішча-2013” усё ж атрымаюць бясплатныя візы
Але толькі тыя, хто маладзейшы за 25 гадоў і пры ўмове паездкі разам з бас-турам Дэльфін-Груп.
Турагенцтва “Дэльфін-Груп” усё ж дамовілася з польскай амбасадай у Беларусі пра візавую падтрымку наведвальнікаў “Басовішча-2013”.
“Бясплатныя візы будуць толькі для тых, каму да 25 гадоў, — тлумачыць умовы кіраўнік агенцтва Алесь Дуко. — Старэйшыя за 25 мусяць заплаціць консульскі збор у 60 еўра. Таксама абавязковая ўмова для атрымання візы — бас-тур нашага агенцтва. Па часе мы ўсё паспяваем, але на падрыхтоўку неабходных дакументаў засталося толькі два дні — 9-10 ліпеня”.
Бас-тур на “Басовішча-2013” каштуе 60 еўра. Апроч наведвання самога фестывалю ды вяртання дамоў, “Дэльфін-Груп” плануе наведаць радзіму Кастуся Каліноўскага (Мастаўляны), зладзіць невялікую экскурсію па Беластоку часоў паўстання 1863 года, і, безумоўна, невялікі шопінг.
Для візы патрэбныя пашпарт ды яго ксеракопія, запоўненая на сайце консульства і падпісаная анкета (каляровая і са штрых-кодам), фота, страхоўка, ды абавязковае пацвярджэнне валодання фінансавымі сродкамі на час паездкі. Віза даецца на чатыры дні, на кожны дзень неабходна мець па 100 долараў, наяўнасць якіх мусіць быць пацверджаная даведкай з месца працы, выпіскай з банкаўскага рахунка ці трэвэл-чэкамі.
Дакументы прымаюцца 9 ліпеня да 19.00, 10 ліпеня да 18.00. Віза дзейная з 18 па 21 ліпеня, мэта — культура.
Запісацца на бас-тур можна па тэлефонах +375297089518, +375447104368, +375333516525.