Названыя пераможцы тэлепрэміі "Эмі"
У Лос-Анджалесе прайшла цырымонія ўручэння 73-й тэлепрэміі "Эмі". 44 ўзнагароды сёлета атрымалі праекты стрымінгавага сэрвісу Netflix.
Найлепшым драматычным серыялам прызнаная "Карона". Узнагароды за лепшыя ролі атрымалі акторы Джош О'Конар і Алівія Колман, якія гралі ў гэтым фільме. За ролі другога плана былі ўзнагароджаныя Табаяс Мензіс і Джыліян Андэрсан.
Званне найлепшага камедыйнага серыяла атрымаў "Тэд Ласо". Джэйсан Судэйкіс, які граў у ім загалоўную ролю, атрымаў узнагароду як найлепшы актор камедыйнага серыялу. Яго партнёры Брэт Голдсцін і Ханна Уэдынгхэм былі адзначаныя як найлепшыя акторы другога плана ў камедыі. Найлепшай актрысай камедыйнага серыялу стала Джын Смарт ("Хітрасці").
Сярод міні-серыялаў найлепшым быў прызнаны "Ход каралевы".
Узнагароду за найлепшую мужчынскую ролю ў міні-серыяле атрымаў Юэн Макгрэгар ("Холстан"), а за жаночую — Кейт Уінслет ("Мейр з Істтаўна"). Партнёры Уінслет з міні-серыялу Эван Пітэрс і Джуліяна Нікалсан атрымалі прэміі як найлепшыя акторы другога плана ў міні-серыяле.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.