Не хайп: рэжысёр "Акрэсціна" выбачаецца за "дурніцу" і тлумачыць задуму серыяла
Каму пекла на Акрэсціна, а каму і серыял? / калаж Улада Рубанава
Бэкстэйдж (закулісныя здымкі) серыяла "Акрэсціна" выклікаў бурленне меркаванняў у сацсетках. У кароткім роліку паказваюць кадры стральбы сілавікамі па палітвязнях у мінскім ізалятары на Акрэсціна.
Людзі абрынуліся на рэжысёра серыяла Андрэя Курэйчыка з крытыкай: непрафесійна, нерэалістычна. Надумаў, маўляў, хайпануць на народнай трагедыі. Як так выйшла?
— Яно [выкладзены відэаролік. — Еўрарадыё] непрафесійнае, таму што здымалася не кінагрупай, не мной, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Андрэй Курэйчык. — Я не магу ацэньваць працу калег з "Маланка Медыя". Гэта іх праца. Я нават падумаць не мог, што нехта будзе разглядаць гэта як кадры з фільма. Тое, што мы бачым на пляцоўцы, яно будзе. Але гэта не кадры кіно. Вы можаце загугліць бэкстэйдж любога фільма і ўбачыць, якая вялікая розніца. Калі на фоне сіняй сценкі здымаюцца артысты, як яны лётаюць на вяровачках — і як гэта выглядае ў рэальным фільме.
Я ў гэтай індустрыі даўно, я гэтую розніцу разумею выдатна. Але, напэўна, хтосьці не зразумеў гэтай розніцы. Гэта ролік іншага журналіста, аператара, які пад'ехаў на пляцоўку і проста зняў збоку. Да кіно гэта не мае ніякага дачынення.
Пацярпеў за чужыя ўчынкі
Бэкстэйдж бэкстэйджам, але чаму ў зняволеных страляюць з аўтамата? Гэтага не было на самай справе.
— Магу сказаць, чаму там страляюць. Адзін з герояў расказваў, што, калі ён сядзеў там, на Акрэсціна, ноччу яму сніліся кашмары. І адзін з самых страшных кашмараў героя — тое, што ўсіх расстрэльваюць, што ён там гіне, — тлумачыць рэжысёр. — Мы аднавілі гэты сон. Гэта мастацкае кіно, яно гаворыць не толькі мовай навін, яно ставіць пытанні. І адно з пытанняў, якое мне здаецца важным паставіць праз гэты сон перад грамадствам, — ці будуць страляць у тым выпадку, калі людзі выйдуць на вуліцы?
Каментатары адразу накінуліся не на "Маланку Медыя", а на рэжысёра серыяла. Чаму?
— Рэч не ў фільме дакладна. Я маўчаў, не даваў інтэрв'ю. Рэч не ў тым, што я пачаў гэты хайп. Гэта абсалютна адказнасць тых людзей, якія вырашылі на гэтым папіярыцца. Некаторым, з кім я маю зносіны наўпрост, я паказаў на гэта. Кажу "слухайце, тое, што вы робіце, гэта ж па-невуцку". Той самай Ганне Севярынец, якую я вельмі паважаю як педагога.
Але я ж не расказваю ёй, як весці ўрокі або як хатняе заданне даваць. Чаму яна бярэ на сябе такую адказнасць? Прыдумляе сюжэт сабе ў галаве, а потым сама ж гэты сюжэт і крытыкуе на аснове кадраў, якія не ёсць аснова фільма. А мне даводзіцца хадзіць і апраўдвацца за яе фантазіі, — наракае рэжысёр "Акрэсціна".
Андрэй Курэйчык — аўтар сцэнароў фільмаў "Движение вверх", "Ёлки", "Юленька", "Любовь-Морковь". Чаму ён раптам вырашыў замахнуцца на вострасацыяльны серыял "Акрэсціна"?
— Гэта з разраду "а як банкір "Газпрама" можа пайсці на прэзідэнцкія выбары?". Або "як хатняя гаспадыня, якая смажыла катлеты, цяпер можа сустракацца з Макронам і Байдэнам?", — прыводзіць прыклад рэжысёр. — Для мяне тут няма пытання, таму што я грамадзянін сваёй краіны. Я, у адрозненне ад многіх, хто мяне крытыкуе, ні разу не мяняў свайго меркавання, не працаваў на гэты рэжым ні дня, не прасіў у яго грошай на кіно. Для мяне цяпер гэта найбольшае пытанне: як у Еўропе ў 2021 годзе можа быць краіна з такой вялікай колькасцю палітвязняў. І я разумею, што трэба нешта рабіць цяпер.
Я лічу, што фільмы пра вайну павінны, па свежых слядах, рабіць кінематаграфісты-франтавікі. Кнігі пра вайну трэба пісаць, пакуль ты памятаеш усе дэталі. І цяпер, калі тэма Беларусі адыходзіць з сусветнага інфармацыйнага парадку дня, а ўнутры Беларусі ўсе змірыліся з тым, што людзям даюць гіганцкія тэрміны, — у маіх крытыкаў у стужцы "коцікі" і "сняданкі". Я лічу, што менавіта цяпер вельмі важна рабіць гэты праект. І я яго раблю. Магу супакоіць усіх крытыкаў — ён ужо зняты.
Не каментаваць у інтэрнэтах, а рабіць хоць нешта
Серыял "Акрэсціна" можа неяк дапамагчы палітвязням, грамадзянскай супольнасці Беларусі?
— Калі мы спрабуем унутры Беларусі пачаць новы раўнд барацьбы, то ёсць рэчы, якія гэтаму перашкаджаюць. Першае — адсутнасць эмоцый, людзі выгаралі. Цяпер трэба прапанаваць ім штосьці, што зноўку падыме іх дух, — лічыць Андрэй Курэйчык. — Дасць паверыць у тое, што гэтая барацьба неабходная. Калі мы гаворым пра свет, пра Еўропу, то тут не ўсведамляюць, што ў Мінску адбываецца галадоўка [філосафа Мацкевіча. — Еўрарадыё].
У Мінску сядзяць людзі, якія яшчэ не прызнаныя вінаватымі, але яны сядзяць ва ўмовах горшых, чым у любых злачынцаў. Я выдатна разумею, што палітыкам і дыяспарам, якія спрабуюць у сваіх краінах прымусіць палітыкаў ціснуць на [беларускі] рэжым, — ім трэба даць у рукі нешта. Каб яны маглі сказаць "вось, паглядзіце сваімі вачыма, што адбываецца ў Беларусі!". Я думаю, што гэта будзе вельмі моцны і магутны аргумент.
Ці будуць выбачэнні за "дурніцу" на адрас Севярынец?
— Калі Ганна лічыць занадта грубым маё выказванне пра тое, што яна тут праявіла зусім недапушчальнае невуцтва і гэтым прынізіла і абразіла велізарную кінагрупу, якая шмат у чым складаецца з рэпрэсаваных людзей, — ну што ж, я прашу прабачэння ў яе, калі ласка. Хай ёй будзе лягчэй, — кажа Андрэй Курэйчык. — Я ёй гэта напісаў. Калі яе задача ў тым, каб усе заткнулі рот, — мы можам і заткнуць рот, калі будзе лягчэй Ганне Севярынец. Мы можам не рабіць фільмы. Паэты могуць сказаць "вой, мы не будзем пісаць вершы, песні пра рэвалюцыю не будзем". Не трэба нічога, таму што, не дай бог, будуць закранутыя пачуцці нейкіх вернікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.