"Не пакатушкі ва ўгары": пад Гроднам з'явіцца ўнікальны вузкакалейны маршрут

Падарожжы па вузкакалейках / 750mm.by​
Падарожжы па вузкакалейках / 750mm.by​

"Гэта не пакатушкі ва ўгары, а знаёмства з прыродай і яе ландшафтамі, а таксама з усімі ледавіковымі працэсамі, якія тут раней праходзілі", — распавядае пра свой новы праект Еўрарадыё інжынер з Мінска Арцём Слізкі.

З 2016 года хлопец возіць экскурсіі па вузкакалейнай чыгунцы Беларусі. Па дарозе вандроўнікі зазіралі на розныя прамысловыя прадпрыемствы, сумяшчаючы актыўны адпачынак з пазнавальным турызмам.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Арцём Слізкі / 750mm.by​

Але сітуацыя ў краіне такая, што развіваць падобны від забаў, тым больш ператвараць яго арганізацыю ў паспяховы бізнес, няпроста. Таму па буднях Арцём праектуе метро ў "Мінскметропраекце" , а ў вольны час разам з аднадумцамі займаецца новым праектам — "Калейна-эколага-адукацыйным маршрутам" у ландшафтным заказніку "Азёры" ў Гродзенскім раёне.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Вось гэта жыццё / 750mm.by​

Паводле прагнозаў нашага суразмоўцы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ужо гэтым летам беларусы змогуць не толькі дакрануцца да гісторыі вузкакалейных чыгунак краіны, але і здзейсніць неверагоднае падарожжа па ўнікальнай маляўнічай мясцовасці. 


Арцём Слізкі: У 2008 годзе я ўбачыў пазначаную на мапах вузкакалейную чыгунку і мне стала цікава на яе паглядзець. Адправіўся шукаць бліжэйшую да Мінска — знайшоў: убачыў закінутую станцыю, старую тэхніку і рэйкі. Мне стала цікава даведацца, што ж па іх ездзіла і ездзіць. 

З тых часоў пачаў вывучаць: нешта чытаў, дзесьці падарожнічаў па Беларусі і іншых краінах, шукаў і адкрываў для сябе новыя дарогі. Мне часам нават даводзілася пакатацца з машыністамі! У нейкі момант зразумеў, што тэма можа быць цікавая не толькі мне, і ў 2016 годзе пачаў вазіць па вузкакалейках экскурсіі.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Так выглядае вузкакалейка / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
На экскурсіі / 750mm.by​

Еўрарадыё: Вузкакалейка — чыгунка з шырынёй каляіны менш за стандартную, накшталт "Дзіцячай чыгункі" ў Мінску. Якія трапляліся табе? Ці шмат закінутых?

Арцём Слізкі: У Беларусі закінутых вузкакалеек няма, таму што іх адразу разбіраюць на металалом. Гэта ў якой-небудзь Літве калі 20 гадоў таму закрылі вузкакалейку, яна да гэтага часу ляжыць, і ніхто яе не чапае. У нашай краіне так не прынята: трэба адразу ўсё разабраць. У нас вузкакалейкі ўсе дзеючыя і належаць торфапрадпрыемствам. 

Вы правільна заўважылі, "Дзіцячая чыгунка" — такая ж вузкакалейка. Там дакладна такія ж вагоны і цеплавозы. Але на звычайных вузкакалейках ёсць яшчэ спецыяльныя грузавыя вагоны для торфу, а так усё ідэнтычна. Хіба што там усё больш "стомленае", зарослае і дзікае. Не такое "вылізанае", як у горадзе.

Еўрарадыё: Наколькі папулярнымі былі вузкакалейкі ў мінулым?

Арцём Слізкі: Калі паглыбіцца ў гісторыю, першая пасажырская вузкакалейка на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явілася ў 1895 годзе, апошняя закрылася ў 1965-м.

У 30-х гадах пры паляках вузкакалейка, якая праходзіла праз Браслаў — "Друя — Дукшты", — была турыстычным маршрутам. Гэта паказана ў даведніку па Усходняй Польшчы — гэта значыць, ужо тады ў гэтай мясцовасці разгледзелі турыстычны патэнцыял. 

Яшчэ адну вузкакалейку "Лынтупы — Кабыльнік", якая праходзіла праз Нарач, называлі "Курортнай", яна працавала да 1965 года, і па ёй вазілі турыстаў на нарачанскія курорты. 

Зараз, дарэчы, сумесна з адміністрацыяй Пастаўскага раёна мы працуем па расчыстцы гэтага насыпу вузкакалейкі і стварэнні маршрута. Магчыма, што аднойчы там можна будзе аднавіць жалязякі і пусціць самы старадаўні вузкакалейны паравоз, які захаваўся ў Беларусі. Ёсць здагадка, што менавіта там ён і хадзіў.

У свой час для розных мэт была распрацавана вялікая колькасць рухомага саставу: для барацьбы са снегам, перавозкі лесу, прадуктаў, якія хутка псуюцца. Словам, гісторыя багатая, але ніхто не заклапочаны яе захаваннем.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Прыгажосць па дарозе / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
У кабіне машыніста / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Вагон-рэстаран / 750mm.by​

Еўрарадыё: Як развіваўся твой экскурсійны праект?

Арцём Слізкі: У 2016 годзе я зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. У першы раз сарваліся на торфабрыкетны завод "Усяж" у Смалявіцкім раёне. 

Была восень. Мы пакаталіся і зразумелі, што вагоны не прыстасаваныя для халоднага часу года. Наступная паездка адбылася вясной 2017-га. Мы паехалі ў Лідскі раён — на торфабрыкетны завод "Дзітва", з якім цесна супрацоўнічаем па гэты дзень.

Я першапачаткова хацеў займацца не проста "пакатушкамі", а пазнавальным прамысловым турызмам. Так што, катаючыся па вузкакалейках, мы заязджалі яшчэ ў якія-небудзь цікавыя месцы. 

Былі на заводзе "БелАЗ", гранітным кар'еры "Мікашэвічы", кінастудыі "Беларусьфільм", заводзе "Лідскае піва" і гэтак далей.

На шляху можна ўбачыць паўторна забалочанае наваколле, вельмі шмат птушак. Гэта, вядома, не Ельня, але ўсё роўна цікава. Дарэчы, была вузкакалейка і ў раёне Ельні, але, нягледзячы на мае спробы яе захаваць, дарогу разабралі.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Прыпынак / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Лідскі піўзавод / 750mm.by​

Еўрарадыё: Раскажыце пра вашу новую ідэю ў заказніку "Азёры", што гэта будзе?

Арцём Слізкі: Праз тэрыторыю ландшафтнага заказніка "Азёры" пад Гроднам праходзіць вузкакалейка былога торфапрадпрыемства "Верцялішкі". Летась прадпрыемства ліквідавалі і частку чыгункі, якая трапіла ў межы заказніка, было вырашана перадаць для развіцця турызму. 

Трэба разумець, што на заказніку працуюць эколагі, кандыдаты біялагічных навук, леснікі і іншыя спецыялісты, для якіх чыгунка — цёмны лес. Вось мы сумесна і вырашылі стварыць праект вузкакалейна-эколага-адукацыйнага маршруту і падзяліць зоны адказнасці.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Прырода заказніка / 750mm.by​

Наша некамерцыйная арганізацыя выступае ў якасці эксперта па рэйка-рухомым саставе: рыхтуем мотадрызіны для арганізацыі паездак, займаемся пошукам і падрыхтоўкай пасажырскіх прычэпаў, каб можна было перавозіць групы хоць бы да 20 чалавек. Таксама мы займаемся эскізным праектаваннем прыпыначных пунктаў, якія пабудуюць на сродкі заказніка. 

Самае галоўнае — гэта экалагічныя маршруты, якія мы будзем развіваць уздоўж чыгункі. Як я сказаў, гэта ландшафтны заказнік. 

Там вельмі насычаны разнастайны рэльеф: і пясчаныя, парослыя лесам, выдмы, і забалочаныя нізіны, і проста вырастаюць з балот 20-30-метровыя пагоркі. 

А яшчэ — шыкоўны маляўнічы вузкакалейны мост праз возера Белае, самы доўгі ў краіне вузкакалейны мост! Увогуле, цікавае месца.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
У дарозе / 750mm.by​

На досыць невялікай плошчы спалучаюцца розныя шыротныя зоны, таму там можна сустрэць і букавыя гаі, як у горным Крыме, і чырвонакніжную папараць прыпалярных зон.

Будзем катацца і спыняцца, каб пагуляць там і бліжэй разгледзець усю гэтую прыгажосць, гаварыць пра прыроду. Таксама мы плануем стварыць экспазіцыю, прысвечаную гісторыі вузкакалеек. Гэта значыць, мэта маршруту — прыехаць і паразумнець.   

Праект мы плануем запусціць ужо гэтым летам.

 

Еўрарадыё: Ці патрэбная вам якая-небудзь дапамога?

Арцём Слізкі: Нам трэба бясконцая колькасць сродкаў. Блакітная мара нашай некамерцыйнай арганізацыі, якая зарэгістраваная як гісторыка-культурная ўстанова, — стварэнне паўнавартаснага музея калейнай чыгункі ў Беларусі. 

Дзяржарганізацыі, якія маглі б нам дапамагчы, нас не чуюць. "Беларуская чыгунка" ўжо як быццам бы забылася, што ў іх яшчэ 50 гадоў таму было як мінімум тры вузкакалейкі працягласцю да 100 кіламетраў. Адхрышчваецца ад іх цалкам, калі заводзіш размову пра захаванне гісторыі.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Не толькі цягнікі / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Адпачынак на прыродзе / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Паравоз / 750mm.by​
“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Можна паехаць кампаніяй / 750mm.by​

Але каб захаваць нейкі вагон, яго трэба выкупіць і займацца аднаўленнем, а на гэта патрэбныя немаленькія грошы. Зараз камісія пры Міністэрстве культуры разглядае нашу просьбу прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю адзіны вузкакалейнай паравоз, які захаваўся ў Беларусі. Калі гэта здарыцца, мы паволі адрамантуем яго і будзем катаць турыстаў.

“Не покатушки по угару, а…”: под Гродно появится уникальный узкоколейный маршрут
Іх засталося мала / 750mm.by​

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі