"Трэніруемся клікаць на дапамогу": у Мінску працуе школа дзіцячай бяспекі
Заняткі ў парку / архіў
"Пачалося ўсё з таго, што я завяла інстаграм і стала размаўляць там з бацькамі. Высветлілася, што вельмі многіх хвалюе тэма бяспекі дзяцей", — расказвае Еўрарадыё яшчэ нядаўна фінансістка, а цяпер педагог-псіхолаг Людміла Ласіцкая.
Пасля нараджэння дзіцяці мінчанка атрымала другую адукацыю і адкрыла школу дзіцячай бяспекі Safe kids. У ёй дзеці і падлеткі могуць атрымаць неабходныя веды пра правілы паводзін са староннімі людзьмі, у інтэрнэце, пры сустрэчы з хуліганамі, булінгу ў школе, пра правілы асабістай бяспекі і дзеянні ў надзвычайных сітуацыях.
У інтэрв'ю Еўрарадыё Людміла расказвае, як з'явілася ідэя праекта і чаму ён важны сёння.
Людміла Ласіцкая: Калі маёй старэйшай дачцэ споўнілася чатыры гады, я задумалася пра тое, як зрабіць яе жыццё бяспечным. Ведаў, атрыманых раней, не хапала. У інтэрнэце я знайшла інфармацыю пра школу бяспекі для дзяцей і дарослых "Стоп пагроза" ў Расіі. Яны з дапамогай сучасных методык навучаюць правільным паводзінам пры розных экстрэмальных сітуацыях. Нічога падобнага ў Беларусі не было, але мне расказалі, што філіял гэтай школы з'явіцца ў Мінску.
Праз год я зноў да іх звярнулася — мне адказалі, што праект сарваўся. Тады я зразумела, што пара дзейнічаць самой: паступіла на педагога-псіхолага, а паралельна ў гэтай самай школе вучылася на сертыфікаванага трэнера па бяспецы. Асвойвала іх методыку, паспрабавала праводзіць заняткі тут — так усё і закруцілася.
Еўрарадыё: Як даўно працуе ваша школа?
Людміла Ласіцкая: Я стартавала дзесьці паўтара года таму, але потым здарылася пандэмія і заняткі давялося адкласці. Аднавіла мінулым летам. Пакуль дазваляе надвор'е, сустрэчы праходзяць у парках, у зручны для дзяцей і іх бацькоў час, пакуль цёпла. На вуліцы дзеці адчуваюць сябе значна больш разняволена.
Свае ўрокі я будую на тэмах, якія хвалююць дарослых: "Што рабіць, калі дзіця дома адно, а ў дзверы пазванілі?", "Як рэагаваць на незнаёмцаў, якія падыходзяць на вуліцы ці заходзяць у пад'езд?", "Як рэагаваць на булінг у школе?", "Як засцерагчы сябе ў інтэрнэце?" і гэтак далей.
Хадзіць на ўсе заняткі запар не абавязкова, можна запісацца нават на адзін раз. У залежнасці ад тэматыкі я збіраю групы дзяцей ад 5 да 11 і ад 12 да 17 гадоў. Усе заняткі можна ўмоўна падзяліць на дашкольны, малодшы школьны і падлеткавы ўзрост. Кошт аднаго разу — 14-16 рублёў. Таксама ў час навучальнага года я наведваю класы школ. Калі збіраюцца вялікія групы, кошт заняткаў — ад 8 рублёў.
Еўрарадыё: У чым эксклюзіўнасць вашай методыкі і чаму гэта цікавей, чым, напрыклад, урокі АБЖ у школе?
Людміла Ласіцкая: Асноўная фішка заняткаў у іх інтэрактыўнасці. Я прыводжу ў прыклад розныя праблемныя сітуацыі, мы гутарым, і да некаторых рашэнняў дзеці даходзяць самастойна.
Умоўна кажучы, калі я пытаюся, як пазнаць злачынца, амаль усе вучні да дзевяці гадоў апісваюць мужчыну ў чорным адзенні і масцы з мяшком грошай за спінай. У адказ я прыводжу іншыя прыклады, і дзеці пачынаюць разумець, што злачынцы часта маскіруюцца пад звычайных людзей, каб іх не пазналі.
Калі гаворка ідзе пра кантакт са староннімі людзьмі, разыгрываем сюжэты. Я падыходжу да кожнага з просьбамі ці прапановамі, напрыклад "твая мама сказала цябе забраць", або "не хапае гульца ў футбол", або "ў мяне ёсць цікавая гульня, пойдзем са мной". Дзіця павінна правільна адрэагаваць.
Мы трэніруемся клікаць на дапамогу, падаць, крычаць і даваць выспятка, каб скарыстацца такімі навыкамі, калі на дзіця крый божа нападуць. Кожную сітуацыю адпрацоўваем на практыцы.
Еўрарадыё: Калі да вас звяртаюцца дарослыя?
Людміла Ласіцкая: У асноўным прыкладна 70 адсоткаў пытанняў ад бацькоў паступаюць, калі яны пачынаюць адпускаць сваё дзіця хадзіць аднаго. Яны адчуваюць, што рызыкуюць, і пачынаюць задумвацца: як растлумачыць, што дарослыя бываюць рознымі і паводзяць сябе па-рознаму, і ў той жа час не напалохаць, зрабіць так, каб дзіця не страціла веру ў добрых людзей.
З самага пачатку я вельмі вітаю, калі таты і мамы прыходзяць на заняткі з дзецьмі разам. Потым яны змогуць дапамагаць ім замацоўваць атрыманыя веды.
Яшчэ я заўважыла, што часта бацькі ведаюць, чаго нельга рабіць, напрыклад, кажуць "не падыходзь", "не размаўляй", "не адчыняй дзверы", але не заўсёды разумеюць, што рабіць можна.
Дзіця сутыкаецца з забаронамі, не разумеючы, а што яно можа зрабіць само. Інфармацыя, якую яно асвойвае на занятках, дапамагае даведацца, як самому выходзіць з тых ці іншых сітуацый.
Так што мая галоўная задача — усяліць дзіцяці ўпэўненасць, што яно таксама можа супрацьстаяць нават нядобраму даросламу.
Еўрарадыё: Сучасныя дзеці — якія яны?
Людміла Ласіцкая: Моцна залежаць ад чужога меркавання і старонняга погляду. Для іх вельмі важна разумець, што пра іх падумаюць. Васьмігадовае дзіця цяжэй разварушыць на нейкі крык. Яны ўвесь час азіраюцца, глядзяць, ці няма каго паблізу. Калі хтосьці ідзе міма, ім сорамна. Думаюць: "Ну што я буду, як дурань, крычаць?"
Але каб абараніць сябе, у нейкіх сітуацыях трэба пабыць дзіўнымі, шумнымі, нявыхаванымі. Для дзяцей гэта бывае складана.
Калі разглядаць пытанне з пункту гледжання навучання, сучасных дзяцей вельмі складана зацікаўліваць. З дзевяці гадоў яны сядзяць у тык-току і інстаграме і прывыклі атрымліваць інфармацыю дазавана і хутка.
Дзеці не гатовыя вытрымліваць заняткі доўга, таму важна, каб у час іх была змяняльнасць задач і тыпаў камунікацыі. Не ўпэўненая, што на ўроках у школе часта задумваюцца над гэтым.
Еўрарадыё: Ёсць тэмы для прапрацоўкі, характэрныя для цяперашняга часу?
Людміла Ласіцкая: Па-першае, тэма інтэрнэту. Не ўсе бацькі разумеюць, як правільна засцерагчы дзяцей ад небяспечнай інфармацыі.
Другая — тэма асабістых межаў. Мне нядаўна адна мама расказала, у якую гульню гуляюць дзеці. Хлопчык прыкідваўся сляпым і абмацваў усіх, хто ўдзельнічаў, як быццам нешта шукае, — у тым ліку дзяўчатак. Дзеці павінны вучыцца абараняць сваю асабістую прастору.
Яшчэ, можа быць, тэма булінгу. Мы абмяркоўваем, што рабіць, калі крыўдзяць. Прагаворваем, як можна пакрыўдзіць. Потым з іншага боку — навошта крыўдзіць. Мы прыкідваем, якія эмоцыі хочам бачыць, калі крыўдзім. Потым пераключаемся і размаўляем пра агрэсію, гэта добрае пачуццё ці дрэннае.
Потым пераходзім да сутнасці канфлікту. Я прапаную розныя спосабы правільнай рэакцыі на негатыў. Таксама мы адразу практыкуемся і адпрацоўваем гэту рэакцыю.
Еўрарадыё: АМАП на вуліцах, жорсткія разгоны пратэстаў. Ёсць адчуванне, што на дзяцей паўплывалі падзеі 2020 года?
Людміла Ласіцкая: Натуральна, так. У верасні мінулага года я заняткі не праводзіла, не было маральных сіл. Пачала працаваць з кастрычніка. Чула ад дзяцей, што ў міліцыі працуюць бандыты, якім нельга давяраць.
Я размаўляю з дзецьмі, але пераконваць іх лічу бессэнсоўным. Калі ў іх сем'ях прытрымліваюцца такога пункту гледжання, я лічу няправільным умешвацца.
Летась дзеці гулялі ў "пратэсты" ў дварах — цяпер ужо асабліва не гуляюць. Дзеці счытваюць, у якім стане знаходзяцца дарослыя. Адны бацькі не абмяркоўваюць з дзецьмі тое, што адбываецца, многія абмяркоўвалі.
Раней у мяне часта пыталіся, што рабіць. Я кажу, калі дзіця не задае пытанняў і вы разумееце, што яно зусім не думае пра тое, што адбываецца, можна не казаць. Калі яму будзе трэба — спытае. Калі задае — лепш адкажыце, каб яму было зразумела.
Летась дзеці задавалі шмат пытанняў. Пыталіся, напрыклад, калі і дзе шукаць дапамогі, калі яны бачаць на вуліцах людзей, падобных да злачынцаў з іх уяўлення (чорнае адзенне, маскі). Я адчувала, што яны былі ўсхваляваныя. Цяпер — пытаюцца, але гэта адзінкавыя выпадкі.
Еўрарадыё: Раней мы вучылі дзяцей: адчуваеш сябе ў небяспецы — кліч міліцыянера. Але вось яны бачаць супрацоўнікаў АМАП на дзіцячых пляцоўках і адчуваюць, што небяспека ідзе ад іх. Як быць?
Людміла Ласіцкая: Асабіста я, калі гаворка ідзе пра пераслед дзіцяці, раю шукаць вачыма сямейную пару, да якой можна звярнуцца па дапамогу, людзей з дзецьмі або супрацоўнікаў у форме. Я працягваю гэта рабіць, каб захаваць у дзяцей правільную карціну свету.
Нягледзячы ні на што, я да гэтага часу шчыра веру, што супрацоўнікі МУС дзіцяці дапамогуць. Калі мы разбурым правільную карціну свету пакалення, якое падрастае, я нават не хачу думаць пра наступствы. Усе мы верым і спадзяёмся, што ўсё вернецца на кругі свая ў правільным рэчышчы.
Еўрарадыё: Як бачыце развіццё свайго праекта?
Людміла Ласіцкая: У мяне дзве мэты. Па-першае, я хачу, каб як мага больш бацькоў задумаліся, што можна зрабіць, каб дзеці былі ў бяспецы і былі ўпэўненыя ў сабе.
Другая — праца з дзецьмі. Трэнінгі і анлайн-заняткі не замяняюць працы ў сям'і. Я прапаную інструмент, які дапамагае бацькам тлумачыць дзецям правілы бяспекі.
У ідэале я б хацела, каб у кожным, хоць бы буйным горадзе Беларусі праходзілі заняткі па бяспецы: у афлайн- або анлайн-форме. Не трэба натацый, проста размаўляйце з дзецьмі. Колькі б мы ні кантралявалі дзіця смарт-гадзіннікамі, яны не дапамогуць, калі выклікаюць у яго адштурхоўванне.
Важна, каб адносіны дома грунтаваліся на абароне і агульнай бяспецы сямейнікаў. Давер — гэта самае галоўнае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.