"Паставім на лапы": у Лідзе заняліся пратэзаваннем коцікаў і сабачак
У Беларусі займаюцца пратэзаваннем жывёл / фотаархіў
"Гаспадыня спытала, як кот будзе жыць без лапкі. Пажартавалі, што зробім новую", — расказвае Еўрарадыё саўладальнік сеткі ветэрынарных клінік "Кот Бегемот" Дзяніс Зубоўскі.
"Кот Бегемот" — гэта першы і пакуль адзіны ветэрынарны цэнтр у Беларусі, які займаецца пратэзаваннем лапак для хатніх гадаванцаў. Спецыялісты правялі ўжо некалькі паспяховых аперацый.
"Па адукацыі я ветэрынарны доктар, — працягвае суразмоўца. — Сваю кар'еру пачаў у 2008 годзе, працаваў на раённай ветэрынарнай станцыі. Потым быў досвед працы ў кансалтынгавай арганізацыі. Кансультавалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы сыравіннай зоны кампаніі "Данон" у Беларусі. А ў 2012 годзе адкрыў сваю першую фірму. Займаліся аказаннем ветэрынарных паслуг для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Пазней пачалі займацца аптовым продажам ветэрынарных прэпаратаў для дробных свойскіх жывёл. У 2019 годзе мы адкрылі ветэрынарны цэнтр "Кот Бегемот" у Лідзе".
Еўрарадыё: Каму прыйшла ў галаву ідэя пратэзавання сабак і катоў?
Дзяніс Зубоўскі: Ідэя заняцца пратэзаваннем прыйшла нашаму галоўнаму ветэрынарнаму доктару Паўлу Жульпу. Пяць гадоў таму ён быў на навучанні ў Новасібірску, у ветэрынарнай клініцы БЭСТ. Там якраз пачыналі гэтым займацца. Бо ў Новасібірску вельмі холадна, у жывёл часта бываюць абмаражэнні канечнасцяў.
Ідэя круцілася ў яго ў галаве ўсе гэтыя гады. Павел сачыў, як развіваецца прагрэс у гэтым напрамку ў Расіі і ў свеце ў цэлым.
Еўрарадыё: З чаго пачалося ўвасабленне ідэі ў рэальнасць?
Дзяніс Зубоўскі: у жніўні 2019 года да нас у цэнтр трапіў кот Філя. У яго былі хімічныя апёкі левага вуха і задняй правай канечнасці. Лапку давялося ампутаваць. Павел успомніў, што бачыў у Новасібірску. Прапанавалі гаспадыні ката Іне паспрабаваць вырабіць "лапку".
Таксама прыкладна ў гэты ж час валанцёры прывезлі да нас бяздомнага сабаку Хоўп, які ў выніку траўмы ад болю адгрыз сабе лапу. І мы таксама вырашылі паспрабаваць паставіць яму пратэз.
12 кастрычніка 2020-га пасля неабходнай падрыхтоўкі паспяхова прайшла аперацыя па пратэзаванні ката Філі. А 27 кастрычніка 2020-га — сабакі Хоўп. З пункту гледжання развіцця ветэрынарыі ў Беларусі гэта былі вельмі цікавыя аперацыі. Таму да каманды нашых дактароў падключыўся ветэрынар з Гродна Андрэй Елісееў.
У пачатку гэтага года мы зрабілі адразу дзве пярэднія канечнасці котцы па мянушцы Лапа. Гэтым разам да ўжо наяўнай каманды падключыліся дактары з Цэнтра ветэрынарнай траўматалогіі і артапедыі з Мінска і ў прыватнасці галоўны ветэрынарны доктар цэнтра Рыгор Чагадаеў.
Цяпер у стацыянары нашага цэнтра чакае аперацыі сабака Джэк. Яму мы будзем ставіць дзве пярэднія лапы. Гэта сабака, пра якога пісалі ўсе СМІ Беларусі. Пад Дзяржынскам цягнік адрэзаў яму канечнасці. У клініцы САС сабаку не далі загінуць, а мы яго паставім на лапы.
Гаспадыня ката Філі Іна жыве ў Іўі. Мінімум раз на месяц яна дасылае нам фота і відэа з выбрыкамі ката: як ён бегае, скача па шафах і нават чухае гэтай лапкай сабе за вушкам.
Еўрарадыё: Хто вырабляе пратэзы?
Дзяніс Зубоўскі: Пратэзы мы вырабляем у Расіі. Яны індывідуальныя. Для кожнага пацыента — свой пратэз. Унутраныя пратэзы робяць са сплаву тытану з дапамогай 3D-друку, а вонкавыя з пластыку. Але мы цяпер працуем над тым, каб рабіць іх у Беларусі. Гэта і эканамічна больш выгадна, і па часе вырабу будзе хутчэй.
Еўрарадыё: Колькі гэта ўсё каштуе? Гэта вельмі дорага?
Дзяніс Зубоўскі: Пратэзаванне адной канечнасці каштуе каля 1000 у. а. Але гэта не так дорага, як лячэнне другасных захворванняў, звязаных з адсутнасцю адной або больш канечнасцяў. Аперацыя дазваляе жывёлам жыць паўнавартасным жыццём.
Еўрарадыё: Якая ў вас звышзадача?
Дзяніс Зубоўскі: Мы вырашылі не спыняцца на пратэзаванні, а заняцца ў цэлым праблемай інклюзіі жывёл. Для гэтага мы ўжо зарэгістравалі фонд "Анімалія". Гэта некамерцыйнае аб'яднанне, якое будзе займацца не толькі дапамогай бяздомным і дзікім жывёлам, але і праблемай інклюзіі жывёл.
Еўрарадыё: Ці патрэбная вам якая-небудзь дапамога?
Дзяніс Зубоўскі: На сёння праведзена вялікая праца па пытанні інклюзіі жывёл. Нам патрэбная дапамога ўсіх, хто хацеў бы змяніць жыццё жывёл з інваліднасцю да лепшага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.