Не паставіў лічыльнік — з Новага года плаці па сабекошце?

Спасылаючыся на рашэнне Саўміна, якога не было, камунальнікі пагражаюць “ухілістам” ад усталёўкі водалічыльнікаў павялічыць з новага года тарыфы на аплату вады. У чацвер раніцай, на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме, генеральны дырэктар гарадскога аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Віктар Вараб'ёў напалохаў прысутных паведамленнем пра тое, што са студзеня 2009 года ўсе мінчукі, якія без важкіх прычын не ўсталявалі ў сваіх кватэрах лічыльнікі вады, будуць плаціць за яе па сабекошце. Робіцца гэта, паводле слоў гендырэктара, нібыта ў адпаведнасці з рашэннем урада. Але, як стала вядома Еўрарадыё, Саўмін не прымаў ніякага рашэння на гэты конт.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў галоўны інжынер "Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі" Віктар Дзюбанаў.

Віктар Дзюбанаў: “Гэта былі прапановы ў Саўмін, на зацвярджэнне Саўмінам. Не вядома, прапусціць гэтыя прапановы Савет міністраў альбо не. Канкрэтна сёння нічога сказаць немагчыма пра тое, што тыя, у каго лічыльнікі не ўсталяваныя, будуць плаціць па сабекошце. Са 100% вынікам немагчыма казаць, што гэта прымуць, бо не вядома, як у Саўміне паставяцца да гэтай прапановы”.

Кіраўнік прэс-службы Савета міністраў Аляксандр Цімашэнка таксама не здолеў узгадаць таго, каб міністры прымалі нейкую пастанову, датычную ўсталёўкі лічыльнікаў і аплаты вады па сабекошце для “ўхілістаў” са студзеня 2009 года. Не ўзгадваецца падобны дакумент і ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, дзе фіксуюцца ўсе рашэнні ўлады.

Такі “бег наперадзе цягніка” гендырэктара ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" сведчыць пра тое, што сталічныя камунальнікі ўсімі сродкамі хочуць як мага хутчэй выканаць дзяржаўны план на татальную ўсталёўку лічыльнікаў па краіне. Мінск і так у гэтым наперадзе ўсіх. Паводле слоў галоўнага інжынера камунальнага аб’яднання, сёння лічыльнікі вады стаяць у 91,8% сталічных кватэр. Гэта з улікам новых дамоў, дзе лічыльнікі ўсталёўваюцца ад пачатку. Без іх засталося толькі 8,2%, альбо 50 тысяч кватэр. Віктар Дзюбанаў пералічыў галоўных “ухілістаў”.

Віктар Дзюбанаў: “Гэта перш за ўсё неплацельшчыкі, якія і так квартплату не плацяць. Тыя, хто чакае капрамонту і не падлічваюць, што пакуль яны таго капрамонта дачакаюцца, то акупяць гэты лічыльнік. Ды і як ён будзе пры капрамонце ставіцца – альбо за кошт жыхароў, альбо за кошт дзяржавы – яшчэ не вядома. Сёння людзі плацяць з разліку 7 кубічных метраў на чалавека, а выкарыстоўваюць значна менш. Канечне, не выгадна ставіць лічыльнік тым, у каго прапісаны 1 чалавек, а жыве 6-7: так ён плаціць за 7 кубоў у месяц, а калі ўсталюе – будзе плаціць за 30. Але большасць такія, якія проста не ўмеюць лічыць і не разумеюць, што гэта вельмі выгадна”.

Тыя, хто, па словах галоўнага інжынера, не ўмець лічыць, засвояць гэтую навуку вельмі хутка, калі Саўмін усё ж падтрымае камунальнікаў і прымусіць людзей аплачваць ваду па рэальным сабекошце. Віктар Дзюбанаў кажа, што яны разлікаў новых тарыфаў не праводзілі. Але, паводле папярэдніх падлікаў у сённяшніх коштах, вада замест 321 рубля за кубаметр будзе каштаваць 700. У выніку сям’і з 4-х прапісаных чалавек давядзецца заплаціць замест 9 – 20 тысяч рублёў у месяц толькі за ваду.

Паводле слоў гендырэктара мінскіх камунальнікаў Віктара Вараб’ёва, з новага года толькі 3 прычыны, па якіх людзі адмаўляюцца ставіць лічыльнікі, будуць імі ўспрымацца як важкія – калі гаспадар працяглы час адсутнічае ў кватэры, калі людзі жывуць у дамах на тэрыторыі, якая падлягае рэканструкцыі, альбо якія будуць зносіць, і дзе ўсталяваць лічыльнікі тэхнічна немагчыма. Такіх кватэр, па падліках камунальнікаў, у Мінску 10 тысяч. Застаецца 40 тысяч, пакуль не ўпрыгожаных лічыльнікамі. Гаспадары часткі з іх хутка навучацца лічыць і ўсталююць прыбор. Тыя, хто не ўсталёўвае лічыльнікі з-за таго, што і так камунальныя паслугі не аплачвае, улезуць у яшчэ большую багну пазыкі і, хутчэй за ўсё, у выніку страцяць жыллё. Камунальнікі яго проста адсудзяць за запазычанасці. Застаюцца тыя, хто чакае капрамонта.

Жыхары дома №40 па праспекце Незалежнасці паскардзіліся Еўрарадыё, што ў іх доме, 1947 года пабудовы, капрамонта не было каля 30 гадоў. І не прадбачыцца ў бліжэйшыя гады. Вадаправодныя трубы пагнілі, і ставіць на іх лічыльнікі бессэнсоўна. А ў мясцовым ЖРЭУ ім тлумачаць, што замена труб – гэта капрамонт, і мяняць іх зараз ім ніхто не будзе. Галоўны інжынер сталічных камунальнікаў параіў жыхарам гэтага і іншых дамоў, дзе становішча падобнае, мяняць трубы… за свой кошт.

Віктар Дзюбанаў: “Калі капрамонт будзе ў наступным годзе, то можна яго і пачакаць. А калі гэта будзе праз 3 гады, 4, 5? Але калі труба ўжо да такой ступені згніла, што не будзе сварка трымаць, то яе ў любым выпадку трэба мяняць. Чалавек за гэтыя гады на адной вадзе, як ён зараз плаціць, зэканоміць. Я гарантыю на 100% даю. Яны гэтыя грошы вернуць сабе”.

Калі б размова ішла толькі пра лічыльнікі вады, якія разам з усталёўкай каштуюць каля 140 тысяч рублёў, то логіка ў словах камунальнікаў ёсць. Але калі размова ідзе пра замены труб, то сума павялічваецца ў разы. Калі падлічыць кошт новых труб, шпатлёўкі, фарбы ды аплаты працы рамонтнікаў, выйдзем за мільён як мінімум. Можа, гэтыя грошы і вернуцца заўтра, але дзе іх узяць, да прыкладу, пенсіянерам, сёння?

Пра “новую пастанову” Саўміна нічога не чулі і ў Магілёве. Вось што расказала карэспандэнту Еўрарадыё Юрасю Вітальеву супрацоўніца ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна.

ЖРЭУ: “Былі прапановы аб павелічэнні платы за ваду. Але пакуль нічога канкрэтнага няма, гэта ўсё на ўзроўні размоў”.

Тое ж пра "рашэнне" Саўміна, паводле слоў начальніка абаненцкай службы “Водаканала” Ірыны Кіпцік, чулі і ў Брэсце. Тым часам пінскі карэспандэнт Еўрарадыё Глеб Паўлоўскі перадае, што мясцовыя камунальнікі вырашылі такі караць “ухілістаў” ад усталёўкі лічыльнікаў рублём. На пад’ездах дамоў з’явіліся аб’явы, ў якіх пінчукоў папярэджваюць, што з 1-га студзеня 2009 года адмяняецца адтэрміноўка аплаты за ўсталяванне вадамераў. А тыя жыхары, якія не паставілі водалічыльнікі будуць аплачваць ваду па сабекошце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі