"Не — вайне!": у Мінску каля ўчасткаў для галасавання збіраюцца людзі
Беларусы выходзяць на вуліцы, каб выказацца супраць вайны з Украінай / Еўрарадыё
У Мінску на ўчастках для галасавання збіраюцца людзі. Яны пратэстуюць супраць вайны, у якой Расія напала на Украіну, і ў якой, як пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, за расійскі бок выступае і беларускае войска.
Дэмакратычныя сілы заклікалі беларусаў выйсці а 14:00 па Мінску да ўчасткаў для галасавання (а сёння ў Беларусі праходзіў рэферэндум па змяненні Канстытуцыі) і прагаласаваць. З розных гарадоў прыходзяць паведамленні аб тым, што на ўчастках вялікія чэргі, а каля будынкаў, дзе можна прагаласаваць, — шмат людзей. Яны скандуюць "Не — вайне".
У шмат якія месцы ўжо прыбыў АМАП. Людзі не разбягаюцца. Паведамляецца пра затрыманні па ўсёй Беларусі. Ужо вядома пра затрыманых каля выбарчых участкаў у Мінску, Баранавічах, Докшыцах, Гродне, Магілёве і іншых гарадах.
27 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў і заклікаў нашу краіну "быць Беларуссю, а не Расіяй". Сённяшнія акцыі пратэсту каля ўчасткаў для галасавання паказваюць, што беларусы не хочуць вайны з Украінай, і што нават ва ўмовах татальных рэпрэсій, якія працягваюцца паўтара гады, падтрымліваюць украінцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.