"Нельга стаяць на ганку": з МДЛУ звальняюць выкладчыка англійскай
Ганна Аблова знялася ў відэазвароце выкладчыкаў МДЛУ / youtube.com
З Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта звальняюць выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы Ганну Аблову. Педагога абвінавачваюць у парушэнні загада аб няўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі ВНУ.
У кастрычніку Ганну Аблову выклікалі ў аддзел кадраў і паведамілі, што звальняюць у сувязі з тым, што заканчваецца яе тэрміновая працоўная дамова.
— Але там выразна прапісана: "Дамова на тры месяцы да абрання па конкурсе", і я, вядома, планавала ў ім удзельнічаць. Рэктар Наталля Баранава сказала, што конкурс не будуць аб'яўляць, бо я расчаравала як выкладчыца, парушала загад рэктара, які з'явіўся 24 верасня. Я і іншыя выкладчыкі нібыта правакуем студэнтаў, наносім шкоду рэйтынгу ўніверсітэта, — расказвае Еўрарадыё Ганна.
Ганна Аблова працуе ў МДЛУ з 2013 года. Яна брала перапынак у працы ў 2019 годзе, але летам 2020-га вярнулася і заключыла тэрміновую працоўную дамову. Ніякіх прэтэнзій да яе не было — гэта пацвярджаюць іншыя выкладчыкі.
Папярэджанні ад рэктарата Ганна пачала атрымліваць у верасні — кастрычніку, калі ў МДЛУ рэгулярна сталі праходзіць акцыі пратэсту. Ганна Аблова выступала на баку студэнтаў і знялася ў відэазвароце выкладчыкаў МДЛУ да ўлады.
— Як аказалася, мне нельга стаяць на ганку разам са студэнтамі і спяваць песні. Да паведамлення пра звальненне мяне выклікаў дэкан, пытаўся, ці разумею я, што парушаю загад рэктара. Я сказала, што нічога не парушаю, мы нікому не перашкаджаем і не "ствараем небяспечную абстаноўку". Старалася растлумачыць, што мы мірна спяваем песні, У нас няма заклікаў да гвалту, — тлумачыць Ганна Аблова.
Ціск на студэнтаў і выкладчыкаў прывёў да новых акцый пратэсту. 23 кастрычніка на ганку ВНУ больш за 15 выкладчыкаў МДЛУ арганізавалі пікет і выказалі нязгоду са звальненнем Ганны Абловай. 28 кастрычніка педагогі і студэнты МДЛУ абмяркоўваюць у актавай зале пытанне забастоўкі.
— Мае калегі напісалі зварот да новага рэктара, у якім выклалі ўсю сітуацыю наконт майго звальнення. Падкрэслілі, што ў плане працоўнай дысцыпліны да мяне прэтэнзій няма, што я спраўляюся са сваёй нагрузкай.
Шчыра кажучы, я нават не ведаю, хто зможа ўзяць маю нагрузку ў выпадку звальнення. У нас доўгі час не маглі знайсці выкладчыкаў на пяты курс, дзе я працую. Цяпер у мяне 17 заняткаў у тыдзень. Па дамове я працую да 27 лістапада, — дадае Ганна.
МДЛУ восенню 2020 года стаў адным з універсітэтаў, якія найбольш актыўна пратэстуюць. Студэнцкія выступы былі справакаваныя жорсткімі затрыманнямі, якія прайшлі ў ВНУ 4 верасня. Тады падчас перапынку студэнты сабраліся ў фае і праспявалі "Марсельезу" на англійскай мове. Мірную акцыю перапынілі невядомыя ў балаклавах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.