Незалежных журналістаў абпырскалі хімікатамі пад Гомелем
У Гомельскім раёне на незалежных журналістаў напаў невядомы і абпырскаў іх хімікатамі. Як перадае Радыё "Свабода", здарэнне адбылося каля свінакомплексу побач з вёскай Зялёныя Лукі. Журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын прыехалі, каб праверыць звесткі пра падзеж свіней на мясцовым комплексе "Добрая хрюшка". Там іх перастрэў невядомы чалавек у цывільным з садовым апырсквальнікам за плячыма і абдаў з распыляльніка нейкім аэразолем.
"Цяпер мне пячэ ўваччу, цяжка дыхаць. Выклікалі міліцыю і хуткую медычную дапамогу. Міліцыя прыехала, ажно пяць чалавек, а хуткай дапамогі няма. Мінула ўжо больш як паўгадзіны", — распавёў журналістам Кастусь.
Міліцыянты спрабавалі вывезці Жукоўскага і Толчына ў РАУС, каб скласці пратакол.
Толькі ў 14.45 па выкліку прыехала машына хуткай. Медыкі канстатавалі ў Жукоўскага атручванне невядомым хімічным рэчывам. Нападнік апырскаў яго з галавы да ног. Толчыну гэтае рэчыва трапіла найбольш на ніжнюю палову цела.