Новае журы "Еўрабачання" таксама супраць Канчыты Вурст

Белтэлерадыёкампанія абвясціла склад беларускага журы на "Еўрабачанні-2015". Сёлета ў яго ўвайшлі шоўмэн ды лідар гурта “ДраздыВіталь Карпанаў, спявачка Іскуі Абалян, эксперт у сферы культуры Аксана Арцюшэўская, спявак Аляксей Грос, старшынёй журы стала дырэктар тэлеканала “Беларусь 2” Наталля Марынава. Ёсць і запасны удзельнік — тэлевядучы і выканаўчы прадзюсар БТ-2 Зміцер Карась.

“Буду ацэньваць і па агульным успрыняцці, і пачуцці, і прафесіяналізм і індывідуальнасць, — распавядае свае планы на судзейства Іскуі Абалян. — Тое, што ў прынцыпе аб’ектыўна і трэба ацэньваць. Бо палітыкай займацца я не збіраюся. Вы нам не паставілі, я вам таксама не пастаўлю — такога ў мяне не будзе. Не ведаю, як гэта ўсё робіцца. Магчыма, мяне да сцяны прыціснуць, але я ў гэтым моцна сумняваюся. Я спадзяюся, што буду ацэньваць выключна паводле свайго ўспрыняцця ў першую чаргу, як музыкі”.

Спявачка падазрае, што ёй прапанавалі стаць сябрам журы дзякуючы яе вышэйшай музычнай адукацыі ды “незасвечанасці” ў гэтай справе. На скончаную кансерваторыю спасылаецца і лідар гурта “ДроздыВіталь Карпанаў, які абяцае ацэньваць канкурсантаў максімальна набліжана да звычайных людзей, без прафесійных забабонаў. Але прызнаецца, што не аддаў бы перамогу Канчыце Вурст, бо ўся гэта гісторыя ў яго, “як у праваслаўнага чалавека, выклікае нейкія незразумелыя пачуцці”.

“Верагодна, што хто-небудзь з пяці сяброў журы будзе судзіць па вакале, па касцюме, і зусім не будзе ўлічваць душэўнасць, — тлумачыць музыка, чаму вынікі судзейскага галасавання звычайна адрозніваюцца ад глядацкага. — А насельніцтву падабаецца, як чалавек усміхаецца, і яму пофіг, як ён спявае. І такіх людзей больш, чым сяброў журы. Народ адштурхоўваецца ад верыш-не верыш. А прафесійнае журы ацэньвае творчыя задачы, якія простаму гледачу могуць быць абсалютна па барабану. Таму і верагоднасць, што розніца ў галасаванні будзе мінімальнай — маленькая”.

Нагадаем, летась з палярным меркаваннем гледачоў і журы былі звязаныя адразу два скандалы. Спачатку яшчэ падчас беларускага адбору людзі паставілі на першае месца Макса Лорэнса і Дзядзюлю, а суддзі — выканаўцу Тэа, які ў выніку і паехаў на конкурс. А потым у фінале "Еўрабачання" беларусы паставілі пераможцу Канчыту Вурст на 4-е месца, а журы аж на 23-е, і ў выніку Беларусь дала аўстрыйскаму выканаўцу толькі 7 балаў.

Удзельнікі камісіі прызнаюцца, што пакуль дасканала не знаёміліся з сёлетнімі канкурсантамі, ды і не ведаюць, ці варта гэта рабіць. Маўляў, калі песня на слыху, то да яе ўжо не такое аб’ектыўнае стаўленне. Старшыня журы, дырэктар канала “Беларусь 2Наталля Марынава прызнаецца, што ўжо даўно сочыць за "Еўрабачаннем", за Канчыту Вурст не галасавала б, а сёлетніх фаварытаў ды спецыфіку ацэнкі пакуль не выдае. Адмаўляецца размаўляць на гэты конт і спявак Аляксей Грос.

Запасны сябра журы, тэлевядучы Зміцер Карась будзе галасаваць толькі ў выпадку, калі нехта з асноўнага складу захварэе. Летась ён таксама не прагаласаваў бы за выканаўцу з Аўстрыі. Нават нягледзячы на тое, што голас Канчыты Вурст і сама песня яму спадабаліся. “Да падобнай карцінкі мы яшчэ не прызвычаіліся і не ведаю, ці варта да яе прывыкаць”, — тлумачыць пазіцыю Зміцер. Што ж тычыцца спрэчкі журы-гледачы, ў тэлевядучага ёсць сваё рашэнне праблемы.

“Я думаю, што глядацкая ацэнка павінна пераважаць судзейскую, — мяркуе Зміцер. — Бо суддзі з прафесійнага пункту гледжання, а глядач — тое, што бліжэй да сэрца. Практыка паказвае, што гэтыя артысты ў выніку больш паспяховыя. Але, наколькі я разумею, цяпер ацэнка журы больш уплывае на вынік”.

Склад беларускага журы на конкурсе Еўрабачанне штогод выклікае актыўнае абмеркаванне і тролінг у інтэрнэце. Невядома, ці ёсць увогуле такія людзі, якіх прынялі б карыстальнікі сацыяльных сетак. Але, калі прыбраць афіцыйныя подпісы пад сёлетнімі імёнамі і дадаць свае, вызначаць лёс еўрапейскіх выканаўцаў будуць:

  1. Наталля Марынава — дырэктар забаўляльнага тэлеканала.
  2. Іскуі Абалян — спявачка, якая некалькі разоў спрабавала, але так і не прайшла нацыянальны адбор на "Еўрабачанне".
  3. Аляксей Грос — спявак, які таксама спрабаваў і не прайшоў на "Еўрабачанне", але атрымаў узнагароду “Стыль года” на "Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра”", верагодна, за намаляваныя тату на руках.
  4. Аксана Арцюшэўская — рэжысёр святаў, галоўны спецыяліст аддзела культуры Маскоўскага раёна горада Мінска.
  5. Віталь Карпанаў — шоўмэн, весяльчак, лідар гурта “Дразды”, з якім удала працуе на карпаратывах.
  6. Запасны сябра журы Зміцер Карась — сёння вядучы праграмы “Тэлебарометр”. Але варта адзначыць, што раней працаваў над многімі менавіта песеннымі праектамі.

Ці мелі рацыю карыстальнікі сацыяльных сетак, якія здзіўляліся і абураліся сёлетнім складам беларускага журы "Еўрабачання" можна будзе праверыць ужо 19 траўня, калі пройдзе першы паўфінал і будзе удзельнічаць Беларусь. Фінал конкурсу адбудзецца 23 траўня.

Фота: joyreactor.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі