Новы альбом “Дай Дарогу!” ужо ў інтэрнэце!
“Каліфарнійскі” дыск брэсцкіх панкаў можна спампаваць бясплатна.
“Дай Дарогу!” залілі ў Сеціва новы альбом “Дай Дарогу!”, які быў прэзентаваны ў траўні. Цяпер “лайтовы” рэліз брэсцкіх панкаў можна бясплатна паслухаць і спампаваць у найлепшай якасці.
Кружэлку склалі 13 новых песень, якія Юрый Стыльскі напісаў цягам апошніх трох гадоў. У запісе лонгплэя ўзялі ўдзел новыя музыкі гурта — Аляксандр Закржэўскі і Ілля Церашчук. Звядзеннем і майстарынгам дыска, у адрозненне ад папярэдніх прац, калі “Дай Дарогу!” рабілі ўсё самастойна, гэтым разам займаўся саўнд-інжынер Ілля Курачкін.
Нагадаем, папярэдні дыск гурта “Сквозь говно” быў названы “Лепшым альбомам-2012” па версіі музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады”. А ў чэрвені “Дай Дарогу!” атрымаў званне “Артыста года” паводле прэміі Rock Profi.