Нямцоў: Праз паклёп на апазіцыю Расіі Лукашэнка спрабуе “спадабацца” Пуціну

Падчас сустрэчы 18 сакавіка з рэдактарамі расійскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў расійскага палітыка Барыса Нямцова ў тым, што той даслаў дзве групы расіян для ўдзелу ў “масавых беспарадках” у Мінску 19 снежня. Па словах кіраўніка дзяржавы, асуджаныя да буйных штрафаў грамадзяне Расіі Брэўс і Гапонаў былі на Плошчы па загадзе Нямцова.

Расійскі палітык назваў гэтыя абвінавачванні глупствам. Па яго словах, узводзячы паклёп на яго і ўсю расійскую апазіцыю, Лукашэнка такім чынам спрабуе “спадабацца” Ўладзіміру Пуціну.

Барыс Нямцоў: “Ён (Лукашэнка – Еўрарадыё) дабіўся свайго, Пуцін яму даў крэдыт на будаўніцтва атамнай станцыі. І ён зараз спрабуе наладзіць адносіны з Пуціным, бо з ім ніхто ніякіх спраў мець ужо не хоча. Таму ён і пабег да свайго заклятага сябра і адначасова ворага здавацца. А для таго, каб яму спадабацца, я маю на ўвазе Пуціну, ён вырашыў у маёй асобе ачарніць расійскую апазіцыю. Вось і ўсё. Гэта такая прымітыўная гульня. Ён наладжвае адносіны з Пуціным і лічыць, што ўзводзіць паклёп на расійскую апазіцыю – гэта лепшы сродак наладзіць адносіны з Пуціным”.

Каментуючы дэпартацыю з Беларусі праваабаронцы Андрэя Юрава і яго заяву пра існаванне спіса неўязных расіян, Нямцоў прыгадвае гісторыю сваёй дэпартацыі з Беларусі.

Барыс Нямцоў: “Я быў дэпартаваны ў 2002 годзе. Пасля гэтага я прыязджаў адзін раз у Мінск. Але гэта была не паездка, а цэлая дэтэктыўная гісторыя. Там проста спецслужбы не здолелі спыніць паездку. Але я лічу, што такі спіс (неўязных расіян – Еўрарадыё) ёсць. Гэта найперш спіс расійскіх апазіцыянераў, якіх Лукашэнка, як расійскіх, так і беларускіх апазіцыянераў, баіцца як агню і распачаў сапраўдныя рэпрэсіі супраць іх”.

Што ж тычыцца правамоцнасці існавання такіх спісаў у Саюзнай дзяржаве, то на думку палітыка, ніякай Саюзнай дзяржавы насамрэч няма. Гэта дае магчымасць стварэння такіх спісаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі