Нямецкія лекары едуць у Швейцарыю, бо не задаволеныя заробкам у 4000 еўра
Там удвая большыя заробкі, меншыя падаткі і бюракратыя.
“Нас раз’ядае стрэс. Працую 280 гадзінаў у месяц. У выхадныя маю ў аддзяленні сто пацыентаў і толькі аднаго лекара, які дапамагае. А яшчэ прымаем дваццаць новых пацыентаў”, — скардзіцца журналістам ардынатар з Бадэна.
Польская Gazeta Wyborcza піша, што немцы ўжо даўно прызвычаіліся да такіх скаргаў, бо лекараў у краіне не хапае працяглы час. Афіцыйна не хапае 6 тысяч спецыялістаў, хаця прафсаюзы кажуць, што гэта лічба ўдвая большая. Эстонскае выданне Postimees называе адну з прычын праблемы: медыкі з’язджаюць з багатых краін — такіх як Германія ці Вялікабрытанія.
Postimees: “У Германіі дэфіцыт лекараў адчуваецца па ўсіх спецыяльнасцях: патрабуюцца кардыёлагі, пульманолагі, гастраэнтэролагі, неўролагі, агульныя хірургі”.
Геаграфія пераездаў шырокая. Брытанцы, напрыклад, едуць працаваць у Новую Зеландыю, Аўстралію ці Сінгапур і Малайзію. А немцы замяняюць апошніх на Туманным альбіёне (у Вялікабрытаніі працуе каля 4 тысяч немцаў) альбо накіроўваюцца ў Скандынавію. Таксама немцаў літаральна падкупляе суседняя Швейцарыя.
Gazeta Wyborcza: “У Германіі на пачатку кар’еры лекар зарабляе каля 4 тысяч еўра, у Швейцарыі — у 2 разы больш. Жыццё там, сапраўды, нашмат даражэйшае, але падаткі ніжэйшыя. Спецыялісты, якія адкрываюць уласныя кабінеты, зарабляюць маёнтак”.
Штогод у Швейцарыю, пераязджае тысяча нямецкіх спецыялістаў. У самой жа Германіі з’яўляецца ніша, якую з радасцю гатовыя запоўніць працаўнікі “з Усходу”. Пры гэтым вакансіі ў Германіі з’яўляюцца, як правіла, у правінцыі, кажа Гжэгаж Хадкоўскі, які праз сваю фірму Med Pharm Group дапамагае лекарам шукаць працу.
Аднак нават дактары з Польшчы, Чэхіі альбо прыбалтыйскіх краін не могуць выратаваць Германію, бо іх едзе не так шмат. Фірмы-пасярэднікі нават пачалі вербаваць медыкаў з Іспаніі і Грэцыі, якія пакутуюць ад крызісу. Але і іх не дастаткова. Gazeta Wyborcza піша, што немцы спрабуюць вырашаць праблему, капіруючы шведскую мадэль і запрашаючы на працу спецыялістаў-пенсіянераў.
Фота: telegraph.co.uk