ПА АБСЕ заклікала Мінск расследаваць факты гвалту супраць мірных грамадзян
Затрыманне ўдзельніка акцыі / Reuters
Старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ (ПА АБСЕ) Георгій Цэрэтэлі заявіў, што занепакоены "ўзмацненнем гвалту ў Беларусі ў апошнія дні", а таксама паведамленнем пра смерць Рамана Бандарэнкі, які памёр у шпіталі пасля таго, як быў збіты.
"На жаль, нягледзячы на дакументальна пацверджаныя выпадкі парушэння правоў чалавека мірных дэманстрантаў, ніводнай крымінальнай справы не заведзена. Улады павінны расследаваць злоўжыванні і прымаць меры для прыцягнення да адказнасці парушальнікаў правоў чалавека", — гаворыцца ў заяве Цэрэтэлі, размешчанай на сайце арганізацыі.
Кіраўнік ПА АБСЕ адзначае, што, нягледзячы на выключна мірны характар дэманстрацый, працягваюцца пераследы пратэстоўцаў. Заведзена больш за 900 крымінальных спраў, а адвакаты, праваабаронцы і журналісты сутыкаюцца з ціскам і запалохваннем.
Цэрэтэлі заклікаў улады Мінска "выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і асноўных свабод".
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі са спасылкай на справаздачу МУС сцвярджае, што з пачатку пратэстаў па 3 лістапада было затрымана 25 800 чалавек.
Яшчэ больш за 2 тысячы чалавек былі затрыманыя падчас нядзельных акцый 8 і 15 лістапада. Затрыманыя ў гэтыя дні людзі таксама кажуць пра гвалт. У прыватнасці, з траўмай пазваночніка быў дастаўлены з РУУС у бальніцу ў мінулую нядзелю актор Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ілля Ясінскі. Адказу на пытанне, за што яго білі, у яго няма. Ён мяркуе, што гэта была "беларуская рулетка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.