Па Брэсце на аўтамабілі ездзіў 13-гадовы хлопчык
13-гадовага хлопчыка за рулём аўтамабіля нечакана пабачылі інспектары ДАІ ў Брэсце ў суботу 27 жніўня, піша brestcity.com. Побач з хлопцам на пасажырскім сядзенні быў бацька. Мужчына заявіў інспектарам, што ён такім чынам навучаў сына кіраваць аўтамабілем. Даішнікі склалі на яго адміністратыўны пратакол за перадачу транспартнага сродку асобе, якая не мае права кіравання.
Дарэчы, за мінулыя выходныя супрацоўнікі ДАІ Брэста тройчы спынялі транспарт, за рулём якога былі непаўналетнія. Так, 28 жніўня яны спынілі маладога чалавека, якому напярэдадні 16-годдзя падарылі скутар. "Абкатаць" падарунак хлопец вырашыў яшчэ да дня нараджэння. Хаця закон дазваляе кірваць скутарам толькі з 16 гадоў, папярэдне здаўшы тэорыю ў ДАІ і атрымаўшы пасведчанне кіроўцы катэгорыі АМ.
Яшчэ аднаго 16-гадовага юнака злавілі ўначы за кіраваннем бацькоўскага легкавіка. Хлопец тайком узяў ключы ад бацькавай машыны, калі таго не было дома. Каб не пабудзіць маці, яны разам з сябрам выкацілі аўтамабіль з двара, а потым паехалі катацца па горадзе. На юнака склалі два пратаколы: за кіраванне асобай, якая не мае права кіравання, і за адсутнасць тэхагляду.