Па Мінску ездзіў ліхач на "Ягуары" з хуткасцю 179 км/гадз.
У Мінску інспектары ДАІ злавілі ліхача, які на аўтамабілі Jaguar XF ехаў з хуткасцю 179 км/гадз. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Фрунзенскага РУУС Мінска Алена Воўчак.
Здарэнне адбылося 1 чэрвеня каля 22.30 на вуліцы Прытыцкага. Ліхач на вялікай хуткасці праскочыў міма экіпажа дарожна-патрульнай службы. Іх радар зафіксаваў, што аўто едзе з хуткасцю 179 км/гадз.
Даішнікі спынілі Jaguar і высветлілі, што за яго рулём быў 34-гадовы грамадзянін Арменіі. У мужчыны не было беларускага віду на жыхарства. Ён патлумачыў, што разагнаўся са спартыўнага інтарэсу — каб абагнаць матацыкліста. Праўда, даішнікі ніякага матацыкліста навокал не бачылі.
Па словах супрацоўнікаў ДАІ, раней мужчына ўжо каля 20 разоў парушаў Правілы дарожнага руху ў нашай краіне. У 2012 годзе яго нават на тры гады пазбавілі правоў за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення. Як высветлілася цяпер, пасведчанне кіроўцы з Арменіі ў мужчыны ёсць, а беларускія правы ён так і не аднавіў.
Парушальніку пагражаюць вялікія штрафы: за перавышэнне хуткасці — да 3,15 млн рублёў (15 базавых велічыняў) і за паўторнае парушэнне ПДР — да 4,2 млн рублёў (20 базавых).