Па-за законам, якога... няма. Хто ў адказе за беларускіх роўпджампераў?

Фота з "ВКонтакте".
Фота з "ВКонтакте".

 

Смерць роўпджампера Яўгена Л., які ўпаў з 70-метровай трубы ў Соснах пад Мінскам, зрабіла экстрэмальны спорт тэмай ўсеагульнага абмеркавання. Меркаванні выказваюцца розныя: ад "каму яны замінаюць" да "жэстачайша забараніць".

Некаторыя СМІ паспяшаліся заявіць, што роупджампінг ў Беларусі знаходзіцца па-за законам. "Ліцэнзіі [ў арганізатараў скачка], зразумела, не было", ― каментуе гібель маладога чалавека ў Соснах тэлеканал ОНТ. І гэта праўда. Але праўда таксама і ў тым, што ліцэнзіі і не магло быць: такога паняцця, як роўпджампінг, у беларускім заканадаўстве не існуе. І ні ў адным дзяржаўным органе няма чалавека, які б выдаваў ліцэнзію на такія скачкі.

Аляксей Кастэнка, адзін з першых беларускіх экстрэмалаў, яшчэ ў 2009 годзе рабіў запыт аб тым, як арганізацыя скачкоў на вяроўцы павінна выглядаць з пункту гледжання беларускага закона. І атрымаў цалкам канкрэтны адказ, зыходзячы з якога гэты від дзейнасці не ліцэнзуецца.

Вне закона, которого… нет. Кто в ответе за белорусских роупджамперов?
Аляксей Кастэнка і дакумент з Белстата.

Дзіўна, але Crank, каманда, якая арганізоўвала фатальны скачок у Соснах, зарэгістраваная як ІП з іншым відам дзейнасці: "Іншыя будаўнічыя работы, якія патрабуюць спецыяльных прафесій".

 

Скакаць ці не ― гэта "проста пытанне таго, каму вы давяраеце сваё жыццё"

Нават пасля няшчаснага выпадку ў Соснах Міністэрства надзвычайных сітуацый не плануе ліцэнзаваць дзейнасць роўпжампераў або нейкім чынам кантраляваць бяспеку падчас скачкоў на вяроўцы. На думку афіцыйнага прадстаўніка МНС Віталя Навіцкага, гэта папросту немагчыма:

Вне закона, которого… нет. Кто в ответе за белорусских роупджамперов?

"Роўпджампінг ― гэта толькі адзін з відаў экстрэмальных забаў, а іх з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. Рэгуляваць падобную сферу наўрад ці магчыма ў любой краіне свету. Існуе шмат відаў тых жа скачкоў: і з парашутам, і з адмысловымі пускавымі прыладамі, і проста на вяроўках. Усе апісаць немагчыма. Адпаведна, гэта проста пытанне таго, каму вы давяраеце сваё жыццё. Калі вы катаецеся на атракцыёне ў парку адпачынку, ёсць гарантыя з боку вытворцы і тых, хто выдае сертыфікаты. А ў выпадку экстрэмальных забаў, фактычна, адзіная гарантыя ― гэта словы арганізатара пра тое, што ўсё будзе добра".

Большасць з тых, хто займаецца роўпжампінгам прафесійна, прайшлі альпінісцкую падрыхтоўку. Некаторыя арганізатары групавых скачкоў атрымалі сертыфікаты прамысловых альпіністаў, якіх, у ліку іншых, рыхтуе і МНС. Аднак, як заўважае Віталь Навіцкі, "сертыфікат да скачкоў дачынення не мае".

 

"У выканкаме на мяне глядзелі, як на вар'ята"

Пра тое, як функцыянуе бізнес роўпджампераў, нам пагадзіўся распавесці адзін з прадстаўнікоў руху, каманда якога арганізоўвае скачкі ў Мінску.

Еўрарадыё: Ваш бізнэс легальны?

Роўпджампер: Вядома. Але, пры гэтым, калі б я захацеў адкрыць прадуктовы магазін, я, напэўна, без цяжкасцяў знайшоў бы пералік неабходных дакументаў. А з роўпджампінгам так не атрымаецца ― гэта малады спорт, і ніякіх нормаў для яго проста не існуе. Калі я вырашыў цалкам легалізавацца і прыйшоў у выканкам, каб зарэгістраваць ІП, у мяне спыталі, чым я буду займацца. Я тлумачу сутнасць роўпджампінгу, а на мяне глядзяць, як на вар'ята: "І што, людзі за гэта будуць плаціць !". Але ўсё ж зарэгістравалі, а від дзейнасці прапанавалі ― "Іншая дзейнасць па арганізацыі адпачынку і забаў, не ўключаныя ў іншыя групоўкі".

Еўрарадыё: Як знайшоўся аб'ект, з якога вы скачаце?

Роўпджампер: Усе аб'екты вядомыя. Калісьці мы скакалі з "Калізея", "Лады" [недабудаваныя будынкі ў Мінску. ― Еўрарадыё], потым быў Радыятарны мост [пешаходны мост над чыгункай у раёне завода "Атлант". ― Еўрарадыё] і іншыя аб'екты, але дамовіцца пра іх арэнду не было ніякай магчымасці. А потым мы ўсё ж такі здолелі арандаваць ўчастак зямлі, на якім стаіць недабудаваны будынак. Дарабілі неабходныя канструкцыі ― і пачалі скакаць. А Crank арандавалі трубу кацельні ў Соснах.

Еўрарадыё: Хто адказвае за якасць рыштунку, які вы выкарыстоўваеце?

Роўпджампер: Першапачаткова роупджампінг прыдуманы як адпрацоўка тэхнікі альпінісцкага зрыву. Родапачынальнік гэтага спорту Дэн Асман баяўся сарвацца ў гарах, і адмыслова "зрываўся", каб пераадолець страх. Таму ўсё абсталяванне ў нас ― прафесійнае альпінісцкае. Кожная вяроўка, кожны карабін, кожны ролік ― усё прадаецца з пашпартамі. Там распісаны стандарты: матэрыял, лімітавая нагрузка, праведзеныя выпрабаванні. Пытанне толькі ў тым, колькі можна карыстацца гэтым абсталяваннем. Прамысловыя альпіністы, да прыкладу, самі за сябе ў адказе ― адпаведна, узровень і зносу рыштунку, і час яго замены кожны вызначае для сябе сам. Вяроўкі заўсёды дзве: верагоднасць, што яны парвуцца адначасова, выключаная. У Беларусі ёсць інстытуты, якія могуць праверыць вяроўку на знос і выдаць заключэнне, падыходзіць яна ці не. Але раз на год спісваць увесь рыштунак і купляць новы значна прасцей, чым арганізоўваць такія выпрабаванні.

Еўрарадыё: Вы хацелі б, каб нехта сертыфікаваў якасць вашых паслуг? Напрыклад, каб МНС правярала якасць сістэмы для скачкоў, усталяванай на аб'екце?

Роўпджампер: Вядома! Мы гатовыя да адкрытага дыялогу. Мы хацелі б легалізавацца настолькі, каб усе ў гэта паверылі. Але сфармаваць стандарты для роўпджампінгу ― гэта настолькі вялікі кавалак працы, што я нават не ведаю, з чаго пачаць. Хто будзе правяраць? Што будуць аглядаць? Якія крытэрыі? Вядома, у нас ёсць правілы, па якіх "завешваюць" аб'ект. Але ўвесь рыштунак падбіраецца зыходзячы з канкрэтнага месца. Кожны аб'ект індывідуальны.

Адна смерць на мільён скачкоў. Дзяржава не ўмешваецца

У Польшчы бяспека роўпджампераў кантралюецца, і вельмі жорстка. Але займаецца гэтым не дзяржава, а Упраўленне тэхнічных інспекцый ― прыватная арганізацыя са стогадовай гісторыяй. Вынік ― адзін няшчасны выпадак прыблізна на мільён скачкоў. Прычым, самы высокі аб'ект, з якога скачуць палякі ― труба Dream Tower вышынёй у 222 метра ― утрая вышэйшая, чым самы высокі беларускі аб'ект, які выкарыстоўваюць роупджамперы. Скачок каштуе $100.

Багдан Копка, беларус з Гайнаўкі, скача на альпінісцкіх вяроўках ўжо 25 гадоў. Яго фірма BungeeGul арганізуе скачкі для ўсіх жадаючых. Копка атрымліваў ліцэнзію трэнера ў Італіі ― і там жа купляў рыштунак для скачкоў. Які, дарэчы, яму не прадалі б без трэнерскай ліцэнзіі.

Вне закона, которого… нет. Кто в ответе за белорусских роупджамперов?

"Скачкі з вышыні ― экстрэмальны, але бяспечны спорт. У асноўным, у нас скачуць з мастоў і з пад'ёмных кранаў. Але з мастоў у Польшчы скачуць вельмі мала, таму што іх уладальнік, Дырэкцыя дарог, толькі пару разоў давала згоду на скачкі. А калі скачуць з кранаў, усё правярае Упраўленне тэхнічнай бяспекі. На кожны кран складаецца інструкцыя. джамперы "завешваюць" яго вяроўкамі. Пасля гэтага інспектар з УТБ ўсё аглядае і падпісвае дакумент, які дазваляе скачкі. Дзяржаўныя ратавальныя службы не маюць да гэтага ніякага дачынення. І так ва ўсім свеце.

У Dream Tower роупждамперы выкарыстоўваюць старыя трубы. Для гэтага трэба толькі атрымаць згоду ад іх уладальнікаў і абсталяваць платформамі. Дзяржава ў гэта не ўмешваецца. Два гады таму там разбіўся джампер ― стукнуўся аб трубу. Гэта адбылося з-за дрэннай вяроўкі. Пасля гэтага УТБ жорстка кантралюе, каб усё абсталяванне было сертыфікаванае.

Адказнасць за кожны няшчасны выпадак нясе арганізатар. У трэнераў павінна быць ліцэнзія і сертыфікаты на рыштунак. Супрацоўнікі Інспекцыі працы могуць раптам прыехаць і праверыць гэтыя дакументы".

"Прыходзіць звычайна міліцыя"

Адзіны дзяржаўны орган, з якім час ад часу кантактуюць беларускія роўпджамперы, ― гэта міліцыя. Калі скачкі праходзяць у горадзе, вартавых парадку выклікаюць пільныя бабулькі, чуйна рэагуюць на крыкі зараджаных адрэналінам людзей на вяроўках. А міліцыянты, хоць і не бачаць ніякіх парушэнняў, часта просяць джампераў згарнуцца. Маўляў, "у нас тут цяпер дзяжурства, а праблемы не патрэбныя".

Роўпджампінг застаецца па-за законам, але не таму, што джамперы парушаюць закон, а таму, што законаў для іх у Беларусі проста не існуе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі