Пад Мінскам дзяўчынкі 6 і 9 год сышлі з дому і заначавалі ў альтанцы
Пад Мінскам дзве дзяўчынкі 6 і 9 год правялі ноч у альтанцы пасля таго, як увечары без згоды бацькоў сышлі пагуляць у суседнюю вёску. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Мінскай абласной міліцыі, здарылася гэта ў вёсцы Дуброва ўвечары 28 ліпеня
Старэйшая з дзяўчынак жыве ў вёсцы Замасточча, а яе бацькі знаходзіліся ў Дуброве, дзе будуюць дом. Яна ўзяла ў кампанію малодшую сяброўку і разам з ёй пайшла ў Замасточча. Там дзеці схадзілі ў краму, але вяртацца дадому позна ўвечары пабаяліся, таму і заначавалі ў альтанцы.
Бацькі старэйшай дзяўчынкі не змаглі з ёй звязацца і звярнуліся ў міліцыю. Малых шукалі праваахоўнікі, МНС, АСВОД і валанцёры. Нарэшце міліцыя разам з мясцовымі педагогамі праверыла дом у Замасточчы, дзе і знайшла дзяцей. Як высветлілася, дзяўчынкі прыйшлі ў кватэру толькі раніцай.
Міліцыя нагадвае бацькам пра неабходнасць сачыць за перасоўваннямі сваіх дзяцей, а таксама вучыць іх правілам паводзінаў, калі яны раптам згубіліся.