Пад Мінскам прыгатавалі дранік дыяметрам два метры (фота, відэа)
Бульбяны "цуд" спяклі ў вёсцы Сула на Міншчыне.
У вёсцы Сула ў Мінскай вобласці 21 сакавіка святкавалі сонцаварот. Тут ладзілася свята з народнымі танцамі, выступамі хадулістаў і морам пачастункаў, перадае тэлеканал АНТ.
Аднак галоўнай падзеяй свята стала бульбяная ладка дыяметрам два метры. Таццяна Гуско, памочніца загадчыцы вытворчасці, кажа, што госці выказвалі захапленне стравай.
Гуско: "Дранік быў прыгатаваны з душой — гэта самае галоўнае. І ён атрымаўся на смак — як у бабулі ў печы. Усе кажуць: як быццам прыехаў да бабулі ў вёску і з печы атрымаў бабку, дранікі... Усё па-хатняму".
Пакаштаваць самы вялікі дранік змаглі каля 200 чалавек.