Пад Навагрудкам два легкавікі наскочылі на конную павозку
Дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам двух легкавых аўтамабіляў і коннай павозкі адбылося каля дзявятай вечара 4 снежня. Як паведамляе прэс-служба Гродзенскай абласной ДАІ, аварыя адбылася каля вёскі Мільковічы.
Неабазначаны ліхтарамі ці флікерамі воз ехаў па сустрэчнай паласе, калі ў яго ўрэзаўся “Фольксваген”. Воз адкінула на супрацьлеглы бок дарогі і там з ім сутыкнуўся “Форд”.
Кіраваў возам сталага веку мужчына, якога з цяжкімі траўмамі даставілі ў рэанімацыю. Ён быў у прытомнасці, але не змог сказаць, куды ехаў. Праз чатыры гадзіны пасля здарэння мужчына сканаў. Конь, які быў запрэжаны ў воз, загінуў на месцы аварыі.
Фота з архіву