Падазраваныя па "справе камунальнікаў" з'явяцца на бягучым тыдні
Падазраваныя па "справе камунальнікаў" з'явяцца на бягучым тыдні. Сярод іх могуць апынуцца чыноўнікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" паведаміў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантроля Леанід Анфімаў. Паводле яго слоў, агулам распачатыя 17 крымінальных спраў.
Анфімаў: "Крымінальныя справы распачатыя па фактах неабгрунтаванага разліку кошту жыллёва-камунальных паслуг, пачынаючы з міністэрства. У адносінах службовых асобаў міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама распачатая крымінальная справа. Зараз вымаюцца дакументы, ідзе папярэдняе следства па ўсіх гэтых фактах".
Сітуацыя з нядаўнім павышэннем тарыфаў на "камуналку" выклікала вялікі розгалас у грамадстве. 22 лютага Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў камунальнікаў: на яго думку, тарыфы былі неапраўдана завышаныя. Ён загадаў публічна "начапіць кайданкі" на вінаватых.
Кіраўнік Камітэта дзяржкантроля бачыць прычыну праблемы ў безадказнасці, галавацяпстве і расхлябанасці на ўсіх узроўнях — ад міністэрства да мясцовых ЖЭСаў. Верагодна ўжо 29 лютага Аляксандр Лукашэнка атрымае новыя тарыфы на камунальныя паслугі — над пераразлікамі спецыялісты працавалі на працягу тыдня.