Падрабязнасці ДТЗ пад Новасібірскам: беларусы везлі помнік на магілу сыну
Сталі вядомыя падрабязнасці страшнай аварыі ў Новасібірскай вобласці Расіі, у якой загінулі чатыры жыхары Брэстчыны. Выявілася, што яны везлі помнік на магілу старэйшаму сыну ў Краснаярскі край.
Як паведамляла Еўрарадыё, ДТЗ адбылося зранку 10 жніўня. "Сітраен", у якім ехалі беларусы, выехаў на паласу сустрэчнага руху і ў лоб сутыкнуўся з фурай "Вольва". загінулі ўсе чатыры чалавекі, якія былі ў легкавіку. Гэта былі 58-гадовы кіроўца, яго 54-гадовая жонка, іх 32-гадовы сын, а таксама 9-гадовы хлопчык — верагодна, блізкі сваяк. Паводл папярэдніх звестак, кіроўца "Сітраена" заснуў за рулём.
Інспектар па асаблівых даручэннях аддзялення прапаганды бяспекі дарожнага руху ўпраўлення ДІБДР ГУ МУС РФ па Новасібірскай вобласці Іна Якабчук распавяла тэлеканалу СТВ:
Якабчук: "Кіроўца 1958 года нараджэння, следуючы ў горад Новасібірск, як мяркуецца, заснуў за рулём, з прычыны чаго здзейсніў выезд на паласу, прызначаную для сустрэчнага руху. І адбылося сутыкненне з аўтамабілем з паўпрычэпам".
На месцы трагедыі ратавальнікі знайшлі дакументы загінулых.
Загадчык консульскага аддзела беларускай амбасады ў Расіі Уладзімір Шорахаў паведаміў, што за рулём аўто быў грамадзянін Беларусі Уладзімір Васільевіч Шварак. Амбасада просіць брэсцкую міліцыю паведаміць блізкім сваякам пра трагедыю — усе яны пражываюць у Брэсцкай вобласці. Таксама беларускія дыпламаты паабяцалі пасільную дапамогу сваякам у атрыманні даведак і транспартаванні целаў на радзіму.