Пагаршэнне экспарту тавараў і паслуг РБ: якія будуць наступствы?

“Магчымае далейшае кропкавае пагаршэнне курсаў у дачыненні да долара і да расійскага рубля" / Еўрарадыё
“Магчымае далейшае кропкавае пагаршэнне курсаў у дачыненні да долара і да расійскага рубля" / Еўрарадыё

Cтаноўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі ў студзені 2023 года знізілася да 55,1 млн долараў з 646,4 млн долараў у студзені 2022 года. Што гэта значыць?

“З гэтых лічбаў я б не рабіў вялікіх высноваў. Гэта толькі месячная дынаміка, якую нельга назваць новым трэндам”, — расказвае Еўрарадыё эканаміст Дзмітрый Крук.

Тым не менш ён паразважаў пра тое, што магло стаць прычынай пагаршэння паказчыку:

“Па гэтых лічбах бачна, што пагаршэнне па экспарце тавараў ёсць, але назваць яго вельмі істотным я не магу. Гэта плюс-мінус пасляваенная тэндэнцыя. Але калі ў трэцім-чацвёртым квартале па фізічным аб’ёме мы бачылі пэўнае абнаўленне, то цяпер гэтая новая хваля пагаршэння можа сведчыць, што прытармазілася абнаўленне фізічнага аб’ёму. То-бок пастаўка тавару ў штуках, кілаграмах — у натуральных вымярэннях”.

Паводле Крука, ёсць другі варыянт, больш імаверны: пагаршаецца цэнавая кан’юнктура для беларускіх тавараў:

“Не сакрэт, што летась праблемы, з якімі сутыкнулася эканоміка, і знешні гандаль былі кампенсаваныя даволі добрым станам цэнаў на знешніх рынках з незалежных ад Беларусі прычын — узляцелі цэны шмат дзе. І гэтая кан’юнктура была спрыяльная для Беларусі. Гэтае становішча паціху змяняецца ў горшы бок — са жніўня-верасня паступова набірае абарот”.    

Яшчэ адно важнае назіранне, якое можна зрабіць з гэтых лічбаў, — экспарт паслугаў.

“Не сказаць, што радыкальнае пагаршэнне, але пэўнае тармажэнне ў параўнанні з папярэднімі пасляваеннымі месяцамі ёсць. Таксама не магу сказаць, што гэта ўзмацненне трэнду на зніжэнне, але думаю, што за гэтым можа стаяць ад’езд людзей з IT-сферы і тое, што экспарт ІТ-паслуг — гэта адзін з ключавых чыннікаў экспартных паслуг”.

Крук звяртае ўвагу на тое, што з вялікай імавернасцю за зніжэннем экспарту можа стаяць зніжэнне транспартных паслуг:

“Па іншай статыстыцы мы бачым, што з пачатку года аб’ёмы чыгуначнага транзіту скарачаюцца. І тут мы бачым адлюстраванне гэтай тэндэнцыі”.

Апошняя прычына, з якой мог пагоршыцца стан знешняга гандлю, — гэта рост цэнавага аб’ёму імпарту.

“Што стаіць за гэтым? Больш сталі імпартаваць у фізічным, натуральным вымярэнні ці гэта ўплыў цэнаў? На жаль, не маючы доступу да статыстыкі, значна цяжэй выказваць здагадкі”.

Што з гэтага вынікае?

“Магчымае далейшае кропкавае пагаршэнне курсаў у дачыненні да долара і да расійскага рубля. На ўзровень дабрабыту гэта таксама паступова, па кроплі, можа ўплываць адмоўна — і на заробкі, і на цэны”, — рэзюмуе Крук.    

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі